Як інфармуе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), 30 ліпеня 2024 году Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў скаргі журналістаў-фрылансэраў Тацяны Смоткінай і Зьмітра Лупача на парушэньне іх правоў у Беларусі.
Адстойваць свае правы журналістам дапамагае праваабаронца Павел Левінаў. Скарга ў Камітэт правоў чалавека ААН была накіраваная амаль сем гадоў таму.
Незалежныя журналісты з Глыбокага абскарджваюць адміністрацыйны перасьлед за прафэсійную дзейнасьць. 27 сьнежня 2017 году суд Докшыцкага раёну Віцебскай вобласьці прызнаў Тацяну Смоткіну і Зьмітра Лупача вінаватымі ў парушэньні заканадаўства аб СМІ паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.
Судзьдзя Вячаслаў Елісеенка пакараў журналістаў штрафам: на 25 базавых велічынь — Тацяну Смоткіну і на 40 базавых велічынь — Зьмітра Лупача.
Падставай для перасьледу сталі журналісцкія матэрыялы, якія выйшлі на «Радыё Рацыя» і тэлеканале «Белсат».
Год таму Тацяна Смоткіна і Зьміцер Лупач ужо выйгралі падобную справу супраць уладаў Беларусі.
Дзяржава абавязаная была прыняць адпаведныя меры для кампэнсацыі журналістам штрафаў ды іншых судовых выдаткаў, панесеных аўтарамі ў сувязі з разборам на нацыянальным узроўні. Таксама дзяржава была абавязаная прыняць усе неабходныя меры для прадухіленьня падобных парушэньняў, якія могуць яшчэ адбыцца.
Пакуль дзяржава ня выканала прадпісаньня Камітэту правоў чалавека ААН.
- Згодна зь міжнароднай арганізацыяй «Рэпартэры бязь межаў», у сусьветным рэйтынгу свабоды прэсы Беларусь за год апусьцілася на 10 пазыцый і цяпер займае 167-ы радок сярод 180 краінаў сьвету.
- Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 35 журналістаў і прадстаўнікоў незалежных мэдыя, у тым ліку журналісты Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык і Ігар Лосік.
- Практычна ўсе незалежныя мэдыя і мэдыяарганізацыі ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: «Белсат», БелаПАН, «Эўрарадыё», TUT.BY, Kyky.org, «Наша Ніва», «Радыё Свабода», «Хартыя’97», «Флагшток», Hrodna.life, Volkovysk.by, «Маланка Медыя», «Бобруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, «МОСТ», «Люстэрка», «Ранак», Беларускі расьсьледніцкі цэнтар, «Tribuna.com Беларусь», Ex-press.livе, 6TV Bielarus, «Магілёў. Media», «Навіны Магілёўскага рэгіёну», «Беларускае Радыё Рацыя», «Штодзень».
- Паводле БАЖ, ня менш за тры сотні супрацоўнікаў беларускай мэдыйнай сфэры пасьля падзей 2020 году выехалі за мяжу, і большасьць працягвае працу ў СМІ ці іншых мэдыйных праектах. Умовы працы журналістаў ускладніліся.
- Экспэрты ў мэдыясфэры і галоўныя рэдактары незалежных беларускіх мэдыя выказваюць асьцярогі, што праз адсутнасьць сродкаў да траціны беларускіх мэдыяпраектаў могуць закрыцца ці трансфармавацца ў іншыя, менш затратныя формы. І прагназуюць, што 2024 год будзе ў фінансавым пляне самы складаны для беларускіх незалежных СМІ.