Лукашэнка прапанаваў зьмякчыць адказнасьць па шэрагу крымінальных артыкулаў, у тым ліку «наркатычных»

Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка ўнёс у парлямэнт Беларусі законапраект «Аб зьмене кодэксаў па пытаньнях крымінальнай адказнасьці», паведамляе БелТА. Папраўкі прадугледжваюць зьмякчэньне пакараньняў па шэрагу злачынстваў, у тым ліку «наркатычных», але не закрануць «экстрэмістаў».

Згодна з прапанаванымі ў законапраекце зьменамі, ня будуць караць пазбаўленьнем волі жанчын і адзінокіх мужчын, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросьце да 14 гадоў і ўпершыню ўчынілі няцяжкія злачынствы, а таксама непаўналетніх і інвалідаў I групы. Выключэньне складаюць выпадкі, калі гэтыя асобы зьдзейсьнілі злачынствы «экстрэмісцкія» або зьвязаныя з ужываньнем гвалту. Такія ж правілы прадугледжаныя што да ўзяцьця пад варту.

Законапраект таксама карэктуе нормы адказнасьці за наркатычныя злачынствы. Прадугледжваюцца альтэрнатыўныя мякчэйшыя пакараньні ў выглядзе арышту на тэрмін да трох месяцаў за набыцьцё або захоўваньне наркотыкаў (ч.1 арт.328 Крымінальнага кодэксу); абмежаваньне волі за разавыя выпадкі іх збыту (ч.2 арт.328 КК). Адначасова скарачаецца ніжні памер пакараньня за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы з 10 да 8 гадоў пазбаўленьня волі (ч.4 арт. 328 КК).

У справы прыватна-публічнага абвінавачваньня (іх заводзяць па заяве пацярпелага) пераводзяць злачынствы аб парушэньні правілаў дарожнага руху, якія прывялі да прычыненьня шкоды блізкім сваякам або членам сям’і вінаватай асобы (ч.2 арт. 317 КК). Адзначаецца, што гэтая мера «пакліканая садзейнічаць унутрысямейнаму ўрэгуляваньню канфлікту».

Агулам у законапраекце перагледзелі санкцыі 97 складаў злачынстваў, 65 зь іх дапоўнілі альтэрнатыўнымі мякчэйшымі відамі пакараньня (24 зь із сёньня прадугледжваюць пазбаўленьне волі як адзіна магчымае пакараньне). Яшчэ ў 32 склады злачынстваў унесьлі карэкціроўкі, у тым ліку «для ліквідацыі дысбалянсу ў санкцыях».

На нарадзе 11 студзеня 2024 году Лукашэнка прапанаваў «пералапаціць» Крымінальны кодэкс. Распрацоўкай законапраекту займалася спэцыяльна створаная пры Адміністрацыі Лукашэнкі рабочая група.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі другой групай па рэпрэсіях пасьля палітвязьняў застаюцца асуджаныя паводле «антынаркатычных» артыкулаў
  • За «экстрэмізм» у Беларусі судзяць праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Масава запісваць у «экстрэмісты» беларусаў пачалі ў сакавіку 2022 году. На сёньняшні дзень у пераліку «грамадзян, якія ажыцьцяўляюць экстрэмісцкую дзейнасьць», ужо больш за 4 тысячы чалавек. Беларускае «антыэкстрэмісцкае» заканадаўства дазваляе ўладам шырока інтэрпрэтаваць любыя дзеяньні як экстрэмісцкія, а чалавека, які выказаў сваю асабістую думку, лічыць экстрэмістам.
  • Другой групай па рэпрэсіях пасьля палітвязьняў, паводле праваабаронцаў, застаюцца асуджаныя паводле «антынаркатычных» артыкулаў: яны складаюць амаль траціну ад агульнай колькасьці грамадзян, якіх пазбавілі волі.
  • У Беларусі вельмі жорсткае антынаркатычнае заканадаўства. Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне за незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 5 да 25 гадоў. Яшчэ ў 2017 годзе маці і сваякі асуджаных паводле 328-га «наркатычнага» артыкула заснавалі рух «Маці-328», які дамагаецца зьмякчэньня заканадаўства супраць наркотыкаў у Беларусі. Яны, у прыватнасьці, праводзілі галадоўкі.
  • Паводле праваабаронцаў і экспэртаў, беларускае заканадаўства мае рэпрэсіўны характар, бо не адрозьнівае рэальных злачынцаў у сфэры незаконнага абарачэньня наркотыкаў ад дробных парушальнікаў і тых, хто спажывае наркотыкі. Менавіта гэта стварае грунт для шматлікіх парушэньняў правоў чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лёгікі няма». Каго ў Беларусі ўключаюць у «сьпісы экстрэмістаў і тэрарыстаў»