Філіял «Аўтобусны парк № 5» прадпрыемства «Мінсктранс» 5 жніўня пачаў паведамляць пасажырам пра рух па міжнародных маршрутах праз спэцыяльны тэлеграм-канал.
Сярод іншага, у канале публікуецца інфармацыя аб парушэньнях графіку руху «зь незалежных ад прадпрыемства прычын (працяглае праходжаньне дзяржаўных межаў, неспрыяльныя ўмовы надвор’я, ДТЗ і інш.)».
Напрыклад, 8 жніўня рэсурс паведаміў пра спазьненьне аўтобусаў Варшава — Менск з прычыны працяглага праходжаньня мяжы.
У сувязі з закрыцьцём шэрагу пунктаў пропуску на мяжы Беларусі з Эўразьвязам утвараюцца вялікія чэргі з грузавых, легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў.
- У лютым 2023 году Літва закрыла чыгуначны пераход Стасілас (зь беларускага боку — Беняконі) на мяжы зь Беларусьсю. 18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку — Лоша) і Цьверач (Відзы), а 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Польшча пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду журналісту, дзеячу неафіцыйнага Саюзу палякаў Анджэю Пачобуту 10 лютага 2023 году закрыла памежны пераход «Баброўнікі». Цяпер на беларуска-польскай мяжы працуюць толькі два пункты пропуску: для пасажырскіх перавозак — Берасьце (з другога боку — Тарэспаль), для грузавых — Казловічы (Кукурыкі).
- 19 верасьня 2023 году Латвія праз рост плыні нелегальных мігрантаў з боку Беларусі на нявызначаны тэрмін закрыла і пункт пропуску Сіленэ (Урбаны).