У Беларусі стварылі штаб для тэрміновай ліквідацыі афрыканскай чумы сьвіньняў

У 2013 годзе ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі абвяшчалі карантын празь вялікую колькасьць выпадкаў афрыканскай чумы. Архіўнае фота

Паведамленьняў аб рэгістрацыі выпадкаў захворваньня на афрыканскую чуму няма. 10 гадоў таму ў Беларусі ў выніку эпідэміі афрыканскай чумы закрывалі цэлыя сьвінакомплексы.

Урад Беларусі стварыў нацыянальны штаб для ўхваленьня тэрміновых захадаў дзеля ліквідацыі афрыканскай чумы сьвіньняў і іншых небясьпечных захворваньняў жывёлы.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, штаб ачоліў віцэ-прэм’ер Беларусі Юры Шулейка, а яго намесьнікам прызначаны міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Анатоль Ліневіч. У склад штабу таксама ўключаць прадстаўніка Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

На афіцыйным сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі і яго дэпартамэнту вэтэрынарнага нагляду няма зьвестак аб рэгістрацыі на тэрыторыі краіны выпадкаў афрыканскай чумы сьвіньняў.

У публічнай прасторы гэтая тэма абмяркоўвалася 3 жніўня ў часе наведваньня Аляксандрам Лукашэнкам таварнай фэрмы гаспадаркі «Палесьсе-Аграінвэст» у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласьці. Тады Лукашэнка патрабаваў «не прыкрываць сваю безгаспадарчасьць забойствам дзікоў».

Сёлета ў траўні раённыя газэты Беларусі на сваіх сайтах апублікавалі амаль аднолькавыя артыкулы, у якіх пералічваліся сымптомы афрыканскай чумы і рэкамэндацыі, як унікнуць распаўсюду гэтай хваробы.

6 жніўня Дэпартамэнт вэтэрынарнага нагляду скасаваў забарону на пастаўку кармоў расьліннага паходжаньня з Валгаградзкай вобласьці Расеі, уведзеную ў жніўні 2022 году ў сувязі з рэгістрацыяй у гэтым рэгіёне афрыканскай чумы. У той жа час забарона на пастаўку жывых сьвіньняў і сьвініны застаецца дзейнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельшчына: чумы нібыта няма, а вяскоўцаў прымушаюць пазбаўляцца ад сьвіней


У 2013–2014 гадах у Беларусі зафіксавалі эпідэмію афрыканскай чумы, у выніку якой закрываліся сьвінакомплексы. Тады ж пачалі адстрэл дзікоў і называлі гэта адзіным найбольш эфэктыўным захадам для спыненьня распаўсюду вірусу чумы.

У 2019 годзе ў Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі паведамілі аб істотным зьмяншэньні папуляцыі дзікоў — да 2000. Да 2013 году іх было больш за 100 тысячаў, у 2014 годзе — 8,6 тысячы, у 2017-м — 2,8 тысячы.

Афрыканская чума сьвіньняў — віруснае захворваньне, ад якога няма вакцыны. У хворай сьвіньні падвышаецца да 40–42 градусаў тэмпэратура цела, яна кашляе, ногі паралізуе. Цягам 2 дзён сьвіньня памірае. Людзям АЧС не пагражае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі дабіваюць дзікоў. Засталося 1500–2000, яшчэ 6 гадоў таму было звыш 100 тысячаў