Усе тры канцэрты амэрыканскай сьпявачкі Тэйлар Сьвіфт, заплянаваныя ў Вене на 8, 9 і 10 жніўня, скасавалі праз пагрозу тэракту. З падазрэньнем у рыхтаваньні тэракту ў Аўстрыі арыштавалі двух чалавек, яны могуць быць зьвязаныя з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава», паведамляе Reuters.
«Дзякуючы інтэнсіўнай супрацы нашай паліцыі і нядаўна створанай Дырэкцыі дзяржаўнай бясьпекі й выведкі з замежнымі службамі пагроза была выяўленая на раньняй стадыі, нэўтралізаваная і трагедыя перадухіленая», — напісаў аўстрыйскі канцлер Карл Нэгамэр у сацыяльнай сетцы X.
Аўстрыйская паліцыя 7 жніўня затрымала двух чалавек, якіх падазраюць у падрыхтоўцы атакаў падчас канцэртаў, заявіў генэральны дырэктар грамадзкай бясьпекі МУС Аўстрыі Франц Руф на прэс-канфэрэнцыі ўвечары 7 жніўня.
Аднаму з падазраваных 19 гадоў. Ён грамадзянін Аўстрыі. Падчас ператрусу ў яго знайшлі хімічныя рэчывы, іх склад не паведамляюць. Паводле Франца Руфа, некалькі тыдняў таму аўстрыец «прысягнуў на вернасьць» «Ісламскай дзяржаве». Яго затрымалі ў Тэрніцы, прыкладна за 75 кілямэтраў на паўднёвы захад ад Вены.
Другому падазраванаму 17 гадоў. Ён быў затрыманы ў Вене. Журналісты называюць яго саўдзельнікам першага затрыманага.
Яшчэ траіх падазраваных шукаюць.
Тры канцэрты Тэйлар Сьвіфт мелі прайсьці ў Вене з 8 па 10 жніўня. Паліцыя чакала каля 65 тысяч наведнікаў на кожным шоў, а таксама да 15 тысяч чалавек па-за межамі стадыёну безь білетаў, што выклікала асьцярогу наконт бясьпекі.
Канцэрты мелі быць у складзе рэкорднага туру амэрыканскай сьпявачкі і аўтаркі песень, які пачаўся 17 сакавіка 2023 году ў Глендэйле, штат Арызона, ЗША, і павінен завяршыцца 8 сьнежня 2024 году ў Ванкувэры, Канада.
34-гадовая Сьвіфт пакуль не пракамэнтавала скасаваньня канцэртаў у сваім афіцыйным акаўнце ў Instagram, на які падпісаныя 283 мільёны чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адзін з маіх лепшых сяброў». Што яднае амэрыканскую зорку Тэйлар Сьвіфт зь Беларусьсю