Хаця Беларусь адыграла сваю ролю ў маштабным абмене вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду на мінулым тыдні, ніводзін з 1400 беларускіх палітвязьняў ня быў вызвалены, піша The New York Times у вялікім артыкуле, прысьвечаным сытуацыі ў Беларусі.
«Самы вялікі абмен палоннымі паміж Усходам і Захадам з часоў Халоднай вайны на мінулым тыдні быў успрыняты як трыюмф і Вашынгтонам, і Масквой. Але ён пакінуў сям’ю і сяброў палітзьняволенага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі (Алеся Бяляцкага — рэд.) і іншых зьняволеных праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі, даўняга дыктатара Беларусі, зьбянтэжанымі і горка расчараванымі», — піша выданьне.
У артыкуле адзначаецца, што Беларусь удзельнічала ў абмене, вызваліўшы грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, асуджанага ў Беларусі да сьмяротнага пакараньня. У той жа час абмен не закрануў нікога зь беларускіх палітвязьняў, хоць, паводле актывісткі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алены Масьлюковай, «ў Беларусі больш палітычных зьняволеных, чым у Расеі: 1400 у Беларусі ў параўнаньні з 700 у Расеі».
Як адзначае The New York Times, гэта можа быць зьвязана з тым, што Беларусь «шырока разглядаецца як эксцэнтрычная расейская марыянэткавая дзяржава» і, нягледзячы на працяглыя рэпрэсіі ў Беларусі яна «сама па сабе прыцягвае мала ўвагі».
Адсутнасьць беларускіх палітвязьняў у сьпісах на абмен выклікала пытаньні да беларускіх дэмакратычных сіл на чале са Сьвятланай Ціханоўскай, бо яны не змаглі зрабіць вызваленьне беларускіх палітвязьняў «прыярытэтам для ЗША і іншых заходніх урадаў», адзначае выданьне, што «рэзка кантрастуе з расейскім апазыцыйным рухам у выгнаньні, які актыўна змагаўся за вызваленьне расейскіх дысыдэнтаў».
Выданьне піша, што Офіс Ціханоўскай на мінулым тыдні накіраваў паведамленьне заходнім дыпляматам, у якім прызнаецца, што «ёсьць уяўленьне сярод часткі грамадзтва і экспэртаў, што мы недастаткова зрабілі для таго, каб прыярытызаваць пытаньне беларускіх палітычных зьняволеных і забясьпечыць іх уключэньне» ў абмен зьняволенымі. Гэта, як гаворыцца ў паведамленьні, не адпавядае рэчаіснасьці.
The New York Times зьвяртае ўвагу на заяву жонкі палітзьняволенага Нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага Натальлі Пінчук, якая жыве ў Нарвэгіі — краіне, якая ў рамках абмену вызваліла расейскага шпіёна, што выдаваў сябе за бразыльца. Пінчук заявіла, што для яе «і для зьняволеных беларусаў гэта было балюча, што ніхто зь іх ня быў вызвалены». Яна таксама дадала, што ня мела аніякага ўяўленьня, што абмен абмяркоўваўся, пакуль ён не адбыўся.
У артыкуле распавядаецца пра сытуацыю з палітвязьнямі ў Беларусі, а таксама прыводзіцца меркаваньне палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана, у якім той адзначае, што беларускія дэмакратычныя сілы «шмат гадоў вядуць дыпляматыю з Захадам у дачыненьні да Беларусі, але так і не змаглі зрабіць палітычных зьняволеных прыярытэтным пытаньнем».
«У той час як расейскія актывісты за мяжой паставілі лёс зьняволеных суайчыньнікаў у цэнтар сваіх лябісцкіх намаганьняў, беларуская апазыцыя засяродзілася на зьвяржэньні спадара Лукашэнкі», — робіць выснову аўтар артыкулу.
Цалкам артыкул The New York Times можна пачытаць па спасылцы.
- 1 жніўня Расея, ЗША і некалькі іншых краін правялі маштабны абмен вязьнямі, які стаў найбуйнейшым з часоў заканчэньня халоднай вайны. Усяго ў абмене ўдзельнічалі 24 чалавекі. Беларусь у рамках абмену вызваліла асуджанае на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера.