Як паведамляе БелТА, дзеці «сталі ўдзельнікамі праграмы аздараўленьня і рэабілітацыі дзяцей Данбасу ў Рэспубліцы Беларусь, якую рэалізуе фонд Аляксея Талая». Паведамляецца, што яны правядуць 18 дзён у дзіцячым аздараўленчым лягеры ў Віцебскай вобласьці.
У Гомлі ўкраінскіх дзяцей і дарослых, якія іх суправаджаюць, сустрэлі прадстаўнікі фонду Аляксея Талая, грамадзкіх арганізацыяў (у артыкуле згадваецца Беларускі саюз жанчын), прадпрыемстваў Гомля і вобласьці, валянтэры і прадстаўнікі Віцебскай вобласьці, адзначае агенцтва.
«У групе хлопчыкі і дзяўчынкі ад 8 да 15 гадоў. Гэта дзеці, якія выхоўваюцца адным з бацькоў, дзеці-сіроты, якія знаходзяцца пад апекай, з шматдзетных сем’яў і іншых сем’яў у цяжкай жыцьцёвай сытуацыі», — расказала прадстаўніца фонду Талая ў Гомлі і Гомельскай вобласьці Юлія Малава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбар бяз выбару. Як украінскія дзеці трапляюць у Беларусь на «адпачынак» і чым тут займаюцца
Як украінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь
- Паводле розных ацэнак, ад пачатку вайны ў Беларусь былі вывезеныя ня менш за 2,5 тысячы дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны.
- Датычнымі да гэтай дзейнасьці называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
- Ёсьць сьведчаньні, што ў Беларусі «перавыхоўваюць» прывезеных дзяцей у духу любові да Расеі.
- Шаўцоў, Талай і ягоны фонд былі ўключаныя ў 13-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу супраць Расеі, прыняты 23 лютага 2024 году. Талай таксама быў уключаны ў санкцыйны сьпіс ЗША, прыняты напярэдадні другой гадавіны пачатку вайны ва Ўкраіне.
- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
- 1 сьнежня 2023 году Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства БЧК, бо арганізацыя ня вызваліла ад пасады генэральнага сакратара Дзьмітрыя Шаўцова, якога абвінавачваюць у дачыненьні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Шаўцоў быў заўважаны на акупаваных тэрыторыях Украіны з праваеннай расейскай сымболікай на адзеньні.
- У рамках 56-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве прадстаўнікі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні ў адрас беларускіх уладаў у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Там заявілі, што Беларусь «робіць усё для ўзьяднаньня сем’яў», а дзяцей, якія прыбываюць у Беларусь, маўляў, не выкрадаюць з тэрыторыі Ўкраіны і не вывозяць пад прымусам, а «прымаюць на аздараўленьне».