Новы масавы суд у Берасьці: адразу восем чалавек асудзілі за пратэсты 2020 году

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. У беларускім судзе

У Ленінскім судзе Берасьця 5 жніўня асудзілі 8 чалавек, якіх абвінавацілі ў «групавым парушэньні грамадзкага парадку» (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу), паведамляе прэс-служба суду.

У паведамленьні прэс-службы суду не называюць імёны і прозьвішчы асуджаных (толькі ініцыялы), але праваабаронцы «Берасьцейскай Вясны» знайшлі іх у раскладзе судовых паседжаньняў: гэта Іван Амрэйчык, Васіль Ніпарка, Аляксей Самайлюк, Анатоль Закурка, Ігар Сарокін, Сяргей Дземідзюк, Мікіта Яхімовіч і Валянціна Жукоўская.

Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Шурын, вынікае з раскладу. Абвінавачаным ставілі ў віну ўдзел у масавых пратэстах 10–11 жніўня 2020 году ў цэнтры Берасьця. Паводле абвінавачаньня, яны выкрыквалі лёзунгі, дэманстравалі бел-чырвона-белыя сьцягі і «наўмысна перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаваньню прадпрыемстваў і арганізацыяў» і не падпарадкоўваліся «законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады».

Падчас суду ўсе 8 чалавек прызналі сваю віну, паведамляе прэс-служба суду.

У выніку разгляду справы судзьдзя Дзьмітры Шурын прысудзіў усім васьмі абвінавачаным зьняволеньне ў калёніі агульнага рэжыму на розныя тэрміны:

  • Мікіта Яхімовіч асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму,
  • Іван Амрэйчык — на 2 гады і 3 месяцы калёніі,
  • Аляксей Самайлюк і Сяргей Дземідзюк — 2 гады кожнаму,
  • Васіль Ніпарка, Анатоль Закурка, Ігар Сарокін — 1 год і 6 месяцаў калёніі кожнаму,
  • Валянціна Жукоўская — 1 год і 5 месяцаў калёніі.

Як вынікае з прэс-рэлізу Вярхоўнага суду, Валянціна Жукоўская да затрыманьня па гэтай справе ўжо адбывала «хатнюю хімію» тэрмінам адзін год і шэсьць месяцаў (паводле зьвестак праваабаронцаў, яе асудзілі па «карагоднай справе»), таму ёй залічылі пакараньне «з разьліку два дні абмежаваньня волі да аднаго дня пазбаўленьня волі».

  • Паводле зьвестак берасьцейскіх праваабаронцаў, ужо вядома пра 33 асуджаных паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэксу за берасьцейскія пратэсты, якія праходзілі 10 жніўня 2020 году. За тую акцыю пратэсту актыўна судзілі ў 2021 годзе, тады ўсім прысуджалі тэрміны ў калёніі паводле арт. 293 КК (масавыя беспарадкі), праваабаронцы прызналі ўсіх асуджаных палітвязьнямі. У канцы 2023 году пачаліся новыя затрыманьні за тыя пратэсты, але затрыманым пачалі прад’яўляць ужо арт. 342 КК.
  • На Берасьцейшчыне дагэтуль працягваюцца масавыя суды за ўдзел у акцыях пратэсту. Так, за ўдзел у пратэстах 2020 году сёлета вынесьлі прысуды ўжо 25 жыхарам Баранавічаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 чалавек затрымалі ў Баранавічах за ўдзел у пратэстах 2020 году
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску праходзіць масавы суд за ўдзел у акцыях пратэсту