Мужчына ехаў разам з жонкай на легкавым аўтамабілі з Францыі. У пункце пропуску «Грыгараўшчына» яны заявілі аб адсутнасьці тавараў, якія падлягаюць дэкляраваньню, піша «Позірк».
Аднак на надглядзе ў каробцы для рыбалоўных прылад былі знойдзеныя патроны. Экспэрты пацьвердзілі, што гэта вінтовачныя патроны калібра 5,6×16R, якія зьяўляюцца боепрыпасамі да ручной наразной агнястрэльнай зброі і прыдатныя для стральбы.
У дачыненьні да грамадзяніна РФ заведзена крымінальная справа па ч. 1 арт. 3331 Крымінальнага кодэксу (незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяду Эўразійскага эканамічнага саюзу або Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь моцнадзейных, атрутных, атрутных рэчываў, радыеактыўных матэрыялаў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, выбуховых прыстасаваньняў, зброі масавага паражэньня або сродкаў яго дастаўкі, узбраеньня і вайсковай тэхнікі).
Артыкул прадугледжвае пазбаўленьне волі тэрмінам да 7 гадоў.
Дзяржаўны памежны камітэт нярэдка паведамляе аб спробах перавезьці празь беларускую мяжу боепрыпасы.
- Грамадзяніна Беларусі затрымалі 29 траўня ў Маладэчне супрацоўнікі Полацкага памежнага атраду. На месцы затрыманьня былі знойдзеныя «камплектуючыя для зборкі БЛА, паветраная стрэльба „саматужнай вытворчасьці“, нямецкая вінтоўка Mauser, боепрыпасы калібру 7.62 мм, кулі для дробнакалібэрнай стрэльбы».
- У студзені паведамлялася, што Горадзенская мытня знайшла 98 патронаў у аўтамабілі Mercedes, якім кіраваў грамадзянін Літвы. Мужчына спрабаваў уехаць у Беларусь праз пункт пропуску «Беняконі».