Зь лета 2020 году праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі 3390 чалавек, зь іх 615 жанчын, гаворыцца ў справаздачы Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Асноўныя тэзы справаздачы:
- У Беларусі захоўваецца крытычна высокі ўзровень рэпрэсій у дачыненьні да палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў; пагроза перасьледу актуальная для ўсіх, хто браў удзел у пратэставых выступах ці крытычна выказваўся адносна палітычнай сытуацыі ў краіне; пад пагрозай усе тыя, хто выказваў меркаваньне ці падтрымліваў пратэставыя структуры.
- Зь лета 2020 году праваабарончая супольнасьць прызнала палітзьняволенымі 3390 чалавек, зь іх 615 жанчын. На канец ліпеня 2024 году ў Беларусі ў месцах пазбаўленьня волі знаходзіўся 1391 палітвязень, зь іх 180 жанчын; за месяц праваабарончая супольнасьць прызнала такімі 63 чалавек.
- Праваабаронцы: ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімер Лабковіч, каардынатарка Валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, валянтэр Андрэй Чапюк, а таксама Наста Лойка, адвольна асуджаныя да пазбаўленьня волі, — адбываюць пакараньне ў папраўчых калёніях.
- Вядома пра некалькі палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца працяглы час у рэжыме інкамунікада; так, Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі больш за год пазбаўленыя кантактаў з навакольным сьветам, у тым ліку ўнутры калёній (таксама ў рэжыме інкамунікада знаходзяцца Ігар Лосік, Максім Знак і іншыя вязьні – РС).
- Працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзян за рэалізацыю сваіх правоў: у ліпені «Вясна» атрымала інфармацыю пра ня менш як 221 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу, зь іх ня менш за 30 адміністрацыйных спраў, разгледжаных судамі.
- Праваабаронцы «Вясны» падсумавалі вынікі палітычна матываванага крымінальнага перасьледу за чэрвень: колькасьць судовых працэсаў паводле палітычна матываваных крымінальных спраў па-ранейшаму застаецца высокай. Згодна з папярэднімі зьвесткамі, на працягу чэрвеня былі асуджаныя мінімум 146 чалавек: 98 мужчын і 48 жанчын. Больш за палову асуджаных перасьледаваліся за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
- Паводле абвінавачаньня ў зьдзяйсьненьні тэрарыстычнага акту і іншых злачынстваў «экстрэмісцкага» характару грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня. Гэта першы ў Беларусі прысуд да выключнай меры пакараньня за дзеяньні, якія не пацягнулі за сабой чалавечых ахвяраў.
- Улады па-ранейшаму папаўняюць сьпісы асобаў і фармаваньняў, датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці, экстрэмісцкіх матэрыялаў.
- Праваабаронцы «Вясны» працягваюць рэгулярна выяўляць і дакумэнтаваць факты ўжываньня катаваньняў і забароненых відаў абыходжаньня падчас расьсьледаваньня палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжаньня ў адміністрацыйным працэсе, а таксама перасьледу і пазбаўленьня волі з палітычных матываў; зьняволеныя пазбаўленыя належнага ўзроўню мэдычнага абслугоўваньня.
- У сваім заключным штогадовым дакладзе Радзе па правах чалавека ААН спэцыяльная дакладчыца ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн падзяліла даўнюю занепакоенасьць ААН і міжнароднай супольнасьці з нагоды здушэньня дэмакратычных свабод і іншых сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.
- Эўрапейская служба вонкавых дзеяньняў заявіла, што ў краіне па-ранейшаму застаецца больш як 1400 палітычных зьняволеных, у тым ліку вязьняў, якія ня маюць магчымасьці кантактаваць з тымі, хто знаходзіцца на волі, на працягу нявызначанага часу, якія маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, старэйшых за 60 гадоў, непаўналетніх, людзей з інваліднасьцю, а таксама з псыхічнымі захворваньнямі.
- Некаторыя з гэтых зьняволеных маюць патрэбу ў тэрміновай мэдычнай дапамозе і знаходзяцца ў небясьпечным для жыцьця стане. ЭЗ заклікаў да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных.
Цалкам справаздачу праваабарончага цэнтру «Вясна» пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі за ліпень можна прачытаць тут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: журналісту Кіркевічу завочна прысудзілі 7 гадоў калёніі; пачалі «спэцвядзеньне» на актывіста з Маладэчна