Пра гэта спачатку паведамілі агенцтвы CNN, Associated Press і Reuters, а пасьля афіцыйна пацьвердзіла ў сацсетках сама Камала Гарыс.
«Я з гонарам паведамляю, што папрасіла Тыма Ўолза стаць маім напарнікам. Як губэрнатар, трэнэр, настаўнік і вэтэран, ён працуе для такіх працоўных сем'яў, як ягоная. Выдатна мець яго ў камандзе», — напісала Гарыс у сацыяльнай сетцы X 6 жніўня.
60-гадовы Ўолз — былы настаўнік, які некалькі гадоў праслужыў у Нацыянальнай гвардыі Арміі ЗША. Губэрнатарам Мінэсоты ён быў абраны ў 2018 годзе. Да таго часу быў кангрэсмэнам. Як зазначаецца, ён вядомы прагрэсіўным падыходам да вырашэньня пытаньняў, зьвязаных з правамі жанчын і зьменай клімату.
Таксама CNN паведамляе, што Камала Гарыс перамагла ў электронным галасаваньні за намінацыю на пасаду прэзыдэнта ад Дэмакратычнай партыі. Гарыс стала першай чарнаскурай жанчынай і першай азіяткай, якая ўзначаліла сьпіс адной зь дзьвюх асноўных партый ЗША.
Партыя абвясьціла аб перамозе Гарыс пасьля таго, як пэрыяд падачы дэлегатамі сваіх электронных бюлетэняў скончыўся ў 18:00 па ўсходнім часе. Паводле дадзеных Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі, Гарыс набрала 99% галасоў.
З таго моманту, як прэзыдэнт Джо Байдэн завяршыў сваю перадвыбарчую кампанію і падтрымаў Гарыс, стала зразумела, што віцэ-прэзыдэнтка будзе адзіным сур’ёзным кандыдатам на вылучэньне. Яна была адзіным кандыдатам, які сабраў дастаткова подпісаў дэлегатаў, каб зьявіцца ў бюлетэні, і партыя ўжо абвясьціла ў пятніцу, што яна набрала дастаткова галасоў, каб забясьпечыць вылучэньне.
Вынікі электроннага галасаваньня будуць завераныя сакратаром зьезду, і Гарыс афіцыйна прыме намінацыю. Зьезд партыі адбудзецца 19 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камала Гарыс мае дастатковую падтрымку, каб стаць кандыдаткай у прэзыдэнты