Літва плянуе яшчэ больш скараціць колькасьць аўтобусных маршрутаў зь Беларусьсю

Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Пасьля ўвядзеньня забароны на праезд аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі Літва плянуе скараціць колькасьць міжнародных аўтобусных маршрутаў зь Беларусьсю, заявіла ў эфіры LRT міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

Паводле Агне Білатайце, у Літве існуе плян скарачэньня патоку аўтобусаў у Беларусь, за яго адказвае Міністэрства транспарту краіны.

Як заявіў раней дырэктар Управы транспартнай бясьпекі Літвы Генюс Лукашус, з ранейшых 58 рэйсаў у Беларусь цяпер засталося 35. Плянуецца, што да лютага 2025 году іх колькасьць паступова зьнізяць да 29.

Прадстаўнік Міністэрства транспарту Літвы Станісловас Лінгіс патлумачыў LRT, што цяпер рэалізуецца прынятае Кабінэтам міністраў яшчэ ў сакавіку рашэньне аб скарачэньні рэйсаў у Беларусь у два разы. Ён таксама зазначыў, што пасажырапаток можа павялічыцца ў сувязі з забаронай Літвы на праезд легкавых аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі, але прагназаваць, як складзецца сытуацыя, у ведамстве пакуль ня могуць.

Кіраўнік Віленскай кампаніі пасажырскага транспарту далёкага накіраваньня Арунас Індрашус заявіў, што ня чуў пра новыя пляны скарачэньня рэйсаў, і нагадаў, што з сакавіка 2024 году рэйсаў і так зрабілася меней напалову. Паводле Індрашуса, на дадзены момант новых дазволаў на пасажырскія перавозкі не выдаюць, а старыя не працягваюць. Перавозкі пакуль яшчэ ажыцьцяўляюць з раней выдадзенымі дазволамі. Са сканчэньнем іх тэрміну дзеяньня перавозчыкі, не атрымліваючы новых дазволаў, сыходзяць.

  • З 18 ліпеня 2024 году Літва забараніла ўезд на сваю тэрыторыю легкавых аўтамабіляў на беларускіх нумарах. Абмежаваньне распаўсюджваецца на аўтамабілі незалежна ад грамадзянства іх уладальніка ці кіроўцы.
  • У лютым 2023 году Літва закрыла чыгуначны пераход Стасілас (зь беларускага боку — Беняконі) на мяжы зь Беларусьсю. 18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку — Лоша) і Цьверач (Відзы), а 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чарзе на ўезд у Эўразьвяз зь Беларусі — больш за тры тысячы транспартных сродкаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З дарогай усё заняло 20 гадзін»: Як цяпер беларусы праходзяць мяжу з Эўразьвязам