Ужо сёньня: Чацьвёртая гадавіна забойства Аляксандра Тарайкоўскага

Скрын відэазапісу забойства Аляксандра Тарайкоўскага

Падзеі 10 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Даты дня

10 жніўня 2020 году ад стрэла сілавіка загінуў Аляксандар Тарайкоўскі, першы забіты ўдзельнік пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. У яго стрэлілі, калі ён проста ішоў, падняўшы раскінутыя рукі, у бок сілавікоў у раёне станцыі мэтро «Пушкінская».

Помнік Францішку Скарыну ў Празе

Таксама ў гэты дзень

1518 Францішак Скарына выдаў у Празе Кнігу Царстваў.

Помнік Францішка Скарыны ў Празе

1914 — у ходзе Першай сусьветнай вайны Аўстра-Вугоршчына абвясьціла вайну Расеі.

1919 — створаны Часовы беларускі нацыянальны камітэт: беларуская грамадзка-палітычная арганізацыя, каардынацыйны орган беларускага нацыянальнага руху ў час польска-савецкай вайны 1919–20 гадоў на тэрыторыі, падкантрольнай польскім вайсковым фармаваньням.

1927 — у Менску зьезд праваслаўных сьвятароў і вернікаў абвясьціў Беларускую Аўтакефальную Царкву. Старшыняваў на зьезьдзе біскуп бабруйскі Філарэт, бо ініцыятар аўтакефаліі мітрапаліт Мэльхісэдэк у той час сядзеў у бальшавіцкай турме. Да новастворанай Аўтакефаліі належала 407 сьвятароў зь іхнымі прыходамі, г.зн. амаль усе прыходы Беларусі. Беларуская праваслаўная аўтакефальная царква праіснавала 10 гадоў. У 1937-м усе сьвятары былі арыштаваныя НКВД і расстраляныя або загінулі ў канцлягерах

2020Сьвятлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі аб’яднанага штабу Марыяй Калесьнікавай і Максімам Знакам ідуць у ЦВК падаваць скаргу пра парушэньні падчас правядзеньня выбараў. У ЦВК зь Ціханоўскай тры гадзіны размаўлялі прадстаўнікі сілавых структур. Пасьля гэтага Сьвятлана зьнікае. Як стане вядома пазьней, яе пераправілі ў Літву.

Максім Знак і Марыя Калесьнікава

У гэты дзень нарадзіліся

1788Ігнат Даніловіч, беларускі ўніяцкі і праваслаўны сьвятар, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту, правазнаўца і гісторык. Падрыхтаваў першае навуковае выданьне Статуту ВКЛ 1529 году. Разам з прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту Міхалам Баброўскім у бібліятэцы Супрасьлеўскага манастыра адкрыў гэтак званы Літоўскі летапіс 1446 году.

1796Ігнат Легатовіч, беларускі і польскі паэт, пэдагог

1878Еўсьцігней Міровіч, беларускі драматург і тэатральны рэжысэр.

1898 — Тадэвуш Даленга-Мастовіч, пісьменьнік і журналіст.

1929 Алесь Ставер, беларускі паэт, празаік, драматург, аўтар тэксту песьняў «Жураўлі на Палесьсе ляцяць», «Касіў Ясь канюшыну» і іншых.

У памяці

1990 Міхась Калачынскі, паэт.

2010Вячаслаў Дубінка, беларускі пісьменьнік, фатограф, журналіст, мастак, клясык беларускай выцінанкі.

Вячаслаў Дубінка

2016 Алесь Рашчынскі, кампазытар, дырыжор, фальклярыст.