Аляксандар Лукашэнка сваім указам вызваліў Андрэя Лучанка з пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і з сумяшчэньнем у Дзяржаве Кувэйт, Каралеўстве Бахрэйн і Каралеўстве Саудаўская Арабія.
Звальненьне амбасадара Лукашэнка абгрунтаваў пунктам 20 артыкулу 84 Канстытуцыі Беларусі, які вызначае паўнамоцтвы прэзыдэнта ў замежнай палітыцы, а таксама ў прызначэньні і звальненьні дыпляматычных прадстаўнікоў Беларусі ў іншаземных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях.
Андрэй Лучанок працаваў на пасадзе амбасадара ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах з красавіка 2019 году. На гэтай пасадзе ён замяніў цяперашняга прэм’ера Рамана Галоўчанку, які завершыў дыпляматычную працу ў гэтай краіне ў 2018 годзе, а ў 2020-м ачоліў урад Беларусі.
Лукашэнка наведваў Эміраты таксама з працоўнымі візытамі 2019 і 2023 гадах. У 2019 годзе Беларусь наведаў зь візытам насьледны прынц Абу-Дабі, намесьнік галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі ААЭ, шэйх Мухамад бін Заід аль-Нагаян.
Паміж Беларусьсю і ААЭ дзейнічае двухбаковае пагадненьне аб узаемных бязьвізавых паездках грамадзянаў.
Да Эміратаў Андрэй Лучанок працаваў у амбасадах Беларусі ў Нідэрляндах і Сырыі ў статусе дарадцы. Увесь іншы час ён працаваў начальнікам або намесьнікам начальніка розных упраўленьняў Міністэрства замежных справаў Беларусі.
Перад сваім прызначэньнем у Эміраты ён ачольваў упраўленьне Афрыкі і Блізкага Ўсходу.