Выхаванец віцебскай спартовай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзэрву «Камсамолец» атрымаў цяжкую траўму падчас футбольнага трэнаваньня 5 жніўня. Яго шпіталізавалі, у рэанімацыі ён быў у цяжкім стане, паведамляла Міністэрства аховы здароўя.
У ноч на 6 жніўня школьніка перавезьлі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар нэўралёгіі і нэўрахірургіі ў Менску.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, хлопца зьмясьцілі ў аддзяленьне рэанімацыі гэтай мэдычнай установы.
«Рашэньне аб шпіталізацыі дзіцяці на чацьвёрты ўзровень аказаньня мэдычнай дапамогі прыняў рэспубліканскі кансыліюм, які адбыўся ў рэжыме тэлекансультаваньня паміж РНПЦ і Віцебскай абласной бальніцай», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.
На раніцу стан вучня «ацэньваецца бліжэй да сярэдняй цяжкасьці», адзначае ведамства. Дзіця ў прытомнасьці і атрымлівае «мэдыкамэнтознае лячэньне празь цяжкую чэрапна-мазгавую траўму, пералом споду чэрапа, удары грудной клеткі». Першапачаткова Міністэрства аховы здароўя ацэньвала ягоны стан як цяжкі.
Праз час стала вядома, што СК распачаў крымінальную справу па факце траўмаваньня хлопчыка.
Паводле дадзеных сьледзтва, днём 5 жніўня на футбольным полі крытага манежа ў Віцебску трое дзяцей гулялі ў мяч. Калі ён трапіў у сетку варот, 8-гадовы хлопчык палез яго даставаць і падняў незамацаваныя футбольныя вароты. Яны ўпалі на дзіця, прычыніўшы цялесныя пашкоджаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У баранавіцкай школе настаўніца выцяла вучня. Яго бацькі сталі на бок пэдагога ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Настаўніца траўмавала вуха трэцяклясьніцы? Што вядома пра канфлікт у гомельскай гімназіі