Пра гэта палітычная аглядальніца паведаміла ў сваім Тэлеграм-канале.
«Я пакідаю Каардынацыйную Раду трэцяга скліканьня па шэрагу прычынаў, сярод якіх вызначальнымі сталі прычыны асабістага характару», — сказала яна.
Турарбекава падзякавала тым выбаршчыкам, якія на выбарах у Каардынацыйную раду галасавалі за сьпіс «Наша справа», лідэрам якога яна была.
Роза Турарбекава заявіла, што пункты праграмы «Нашай справы» сталі актуальнымі для ўсіх, але недастаткова проста ўключыць іх у сьпіс іншых задач. Іх рашэньне, сказала яна, вымагае нестандартных падыходаў і зьмены стратэгіі.
Паводле Турарбекавай, яна сфармулявала свае прыярытэты падчас канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у тэзісах: «Беларусь — ня чорная дзіра», «Балянс паміж сэк’юрызацыяй і эўрапеізацыяй Беларусі».
Палітычная аглядальніца лічыць, што яе паплечнікі па фракцыі працягнуць працу над «імплемэнтацыяй праграмы ў Каардынацыйную раду».
Таксама яна падзякавала ўсім чальцам Каардынацыйнай рады за супрацу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новае кіраўніцтва Каардынацыйнай рады: Пераможца атрымлівае ўсёВыбары у Каардынацыйную раду трэцяга складу прайшлі 25–27 траўня. У галасаваньні ўзялі ўдзел 6723 чалавекі. Можна было прагаласаваць за адзін з 11 выбарчых сьпісаў.
Мандаты разьмеркаваліся наступным чынам:
- Каманда Латушкі і рух «За Свабоду» — 28 мандатаў
- Блёк Пракоп’ева-Ягорава — 13 мандатаў
- «Эўрапейскі выбар» — 8 мандатаў
- «Незалежныя беларусы» — 8 мандатаў
- «Моладзевы наступ» — 8 мандатаў
- «Наша справа» — 6 мандатаў
- «Воля» — 6 мандатаў
- «Хопіць баяцца» — 3 мандаты
Блёкі «Голас дыяспар — адзінства над межамі», «Краіна для жыцьця» і «Салідарнасьць» не пераадолелі трохадсоткавы бар’ер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павел Лібер: Беларусы і беларускі стварылі сусьветны прэцэдэнт онлайн-выбараў