У Галоўным вайсковым сьледчым упраўленьні Сьледчага камітэту Расеі паведамілі аб затрыманьні двух прадстаўнікоў вайсковага ведамства — дырэктара парку «Патрыёт» Вячаслава Ахмедава і намесьніка начальніка Галоўнага ўпраўленьня інавацыйнага разьвіцьця Мінабароны генэрал-маёра Ўладзіміра Шесьцерава.
Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Расеі Сьвятлана Пятрэнка, іх затрымалі ў межах справы, якую расьсьледуюць датычна адказных асобаў Міністэрства абароны і Кангрэсава-выставачнага цэнтру «Патрыёт» паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага ч. 4 артыкула 159 Крымінальнага кодэксу Расеі (махлярства).
Паводле сьледзтва, гэтыя асобы разам з саўдзельнікамі датычныя да выкраданьня бюджэтных сродкаў, выдзеленых на забесьпячэньне дзейнасьці і функцыянаваньня парку «Патрыёт» і Кангрэсава-выставачнага цэнтру.
Раней у Расеі затрымалі шасьцярых военачальнікаў, якіх абвінавачваюць у карупцыі і махлярстве. Сярод іх: Дзьмітрый Булгакаў, які ў 2008–2022 гадах займаў пасаду намесьніка міністра абароны Расеі; колішні намесьнік міністра абароны Расеі Цімур Іваноў; начальнік галоўнага ўпраўленьня кадраў Мінабароны Юрый Кузьняцоў; колішні камандуючы 58-й арміяй генэрал-маёр Іван Папоў; начальнік галоўнага ўпраўленьня сувязі Мінабароны Вадзім Шамарын; колішні гендырэктар Вайскова-будаўнічай кампаніі Мінабароны Андрэй Бялкоў, які апошнім часам служыў дарадцам гендырэктара адной з структур вайсковага ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве паводле падазрэньня ў карупцыі затрымалі яшчэ аднаго колішняга кіраўніка Мінабароны