У склад беларуска-кітайскага індустрыяльнага цэнтру «Вялікі камень» уключылі Нацыянальны аэрапорт «Менск», які па-ранейшаму будзе лічыцца тэрыяторыяй Менску.
Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, менавіта гэтым тлумачацца зьмены ў генэральным пляне кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень».
Гэта трэцяе зацьвярджэньне генэральнага пляну — яго ўхвалілі ў 2013 годзе і скарэктавалі ў 2016-ым.
Згодна з новым дакумэнтам, асваеньне тэрыторыяў будзе адбывацца ў два этапы: першы — у 2025-м, другі — у 2035 годзе.
Агульная плошча парку складае 11 761 га. У яго межы ўваходзяць 15 сельскіх паселішчаў, некалькі садовых таварыстваў, а таксама біялягічны заказьнік нацыянальнага значэньня «Валмянскі», зона адпачынку «Вясёлка» і біялягічны заказьнік «Маяк» (функцыянаваньне гэтага заказьніка спыняць).
Апроч таго, у межах індустрыяльнага парку знаходзіцца падземны водазабор, які забясьпечвае пітной вадой 150-170 тысяч жыхароў Менску, і рэкрэацыйна-аздараўленчыя лясы, якія маюць спэцыяльны статус карыстаньня. Іх перададуць для асваеньня, адзначаецца ў пастанове, «з улікам асаблівасьцяў, вызначаных палажэньнем аб спэцыяльным праўным рэжыме кітайска-беларускага парку».
Пры асваеньні тэрыторыяў таксама будуць улічаныя абмежаваньні ў зонах каля аб’ектаў Міністэрства абароны Беларусі і аэрапорту «Менск».
Індустрыяльны парк «Вялікі камень» мае асаблівы праўны рэжым і падатковыя льготы. Парк вырашылі пабудаваць у 2011 годзе, у 2014-м зарэгістравалі першага рэзыдэнта. Цяпер у парку 100 рэзыдэнтаў, чысты прыбытак кампаніяў парку за 2022 год — 34,1 мільёна рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дапаможа кітайскі балянсір? Роля Паднябеснай у замежнай палітыцы Беларусі
Праект індустрыяльнага парку «Вялікі камень», разьлічаны на выкарыстаньне транспартна-лягістычных магчымасьцяў Беларусі, пасьля 2020 году апынуўся пад пытаньнем з прычыны палітыкі беларускіх уладаў, якая ўскладніла адносіны з Захадам.