Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Паветраныя сілы Ўкраіны ўжо пачалі выкарыстоўваць перададзеныя эўрапейскімі краінамі баявыя самалёты F-16.
«Я ганаруся ўсімі нашымі хлопцамі, якія якасна асвойваюць гэтыя самалёты і ўжо пачалі выкарыстоўваць іх для нашай дзяржавы», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Украінскі прэзыдэнт падзякаваў камандзе, якая вяла перамовы аб дапамозе самалётамі, і дзяржавам, што дапамаглі першыя.
«Я дзякую нашай камандзе за гэты вынік. Я дзякую ўсім партнэрам, якія сапраўды дзейсна дапамагаюць з F-16, і першым дзяржавам, што акцэптавалі наш запыт пра самалёты — Данія, Нідэрлянды, Злучаныя Штаты, — і ўсе нашы партнэры — мы цэнім вашую падтрымку», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
31 ліпеня агенцтва Bloomberg паведаміла пра пастаўку першых зьнішчальнікаў F-16 Украіне. Крыніцы выданьня адзначалі, што невядома, ці змогуць украінскія вайскоўцы адразу выкарыстоўваць самалёты ў баявых дзеяньнях, ці працэс рыхтаваньня зойме пэўны час. Кіеў тады гэтую інфармацыю не камэнтаваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агенцтва Bloomberg паведаміла пра пастаўку першых зьнішчальнікаў F-16 Украіне- Улады Ўкраіны прасілі даць ім зьнішчальнікі заходняй вытворчасьці з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. У 2023 годзе некалькі краінаў са згоды ЗША прынялі рашэньне перадаць Кіеву такія самалёты.
- У канцы траўня першая група ўкраінскіх пілётаў завяршыла курс навучаньня на зьнішчальніках F-16 у ЗША. Пасьля гэтага пілёты адправіліся ў Эўропу дадаткова рыхтавацца.
- У сакавіку The New York Times сьцьвярджала, што да ліпеня 2024 году Ўкраіна можа атрымаць шэсьць F-16, да якіх будуць падрыхтаваныя 12 пілётаў. Акрамя таго, рыхтаваліся для абслугоўваньня зьнішчальнікаў каля 50 украінскіх тэхнікаў, сьцьвярджала выданьне.
- General Dynamics F-16 вырабляюць зь сярэдзіны 70-х гадоў ХХ стагодзьдзя, гэта адзін з самых масавых зьнішчальнікаў чацьвёртага пакаленьня. Ён прызначаны як для перахопу паветраных цэляў, так і для нанясеньня ўдараў па наземных аб’ектах. Ён быў на ўзбраеньні больш як 20 краінаў. На 2023 год у складзе ВПС розных дзяржаваў было больш за 2100 такіх самалётаў.