The Telegraph: Праграмнае забесьпячэньне атамных субмарын Вялікай Брытаніі стваралі беларусы

Ядзерная субмарына, ілюстрацыйнае фота

Як такое магло здарыцца?

Выданьне The Telegraph выявіла, што інжынэры атамных падводных лодак Вялікай Брытаніі выкарыстоўваюць праграмнае забесьпячэньне, распрацаванае, у парушэньне правілаў Міністэрства абароны, у Расеі і Беларусі.

Праграмнае забесьпячэньне мелі ствараць брытанскія супрацоўнікі, якія маюць допуск да сакрэтнай інфармацыі, але яго распрацоўка была часткова перададзеная на аўтсорсінг распрацоўнікам у расейскім Томску і ў Менску.

У Брытаніі б’юць трывогу, бо коды, створаныя расейскімі і беларускімі распрацоўнікамі, можна выкарыстаць для раскрыцьця месца знаходжаньня брытанскіх падводных лодак.

Паводле The Telegraph, Міністэрства абароны палічыла гэта сур’ёзнай пагрозай для бясьпекі Вялікай Брытаніі і пачало расьсьледаваньне.

Кампанія Rolls-Royce Submarines, якая абслугоўвае атамны падводны флот Вялікай Брытаніі, хацела мадэрнізаваць сваю ўнутраную сетку для пэрсаналу і перадала гэтую працу на субпадрад WM Reply, лічбавай кансалтынгавай фірме.

WM Reply, у сваю чаргу, выкарыставала распрацоўнікаў зь Беларусі і Расеі.

Расьсьледаваньне паказала, што фірма, якая перадала працу на аўтсорсінг у Расею і Беларусь, першапачаткова трымала гэта ў сакрэце і нават абмяркоўвала, ці зможа яна схаваць месца знаходжаньня распрацоўнікаў, надаўшы ім фальшывыя імёны брытанцаў.

Улетку 2020 году супрацоўнікі WM Reply пачалі біць трывогу наконт наступстваў выкарыстаньня беларускага пэрсаналу для праекту з гледзішча бясьпекі і прапанавалі паінфармаваць Rolls-Royce. На сходзе каманды, стэнаграму якога падалі сьледчым МА, некаторыя супрацоўнікі выказалі сур'ёзныя асьцярогі. Але начальства сказала, што ня трэба «панікаваць» і ня варта інфармаваць Rolls-Royce, бо ёсьць рызыка, што кампанія можа скасаваць праект, калі даведаецца пра гэта.

Толькі ўвесну 2021 году, калі аб праблемах паведамілі наўпрост у Rolls-Royce, пачалося расьсьледаваньне. Улетку 2022 году справу перадалі ў Міністэрства абароны.

Акрамя падводнага флёту Вялікай Брытаніі, існуюць асьцярогі, што і іншыя абарончыя магчымасьці маглі быць скампрамэтаваныя, бо высьветлілася, што папярэдні праект таксама перадалі на аўтсорсінг распрацоўнікам у Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская ІТ-галіна ў сьвеце — лідэр альбо серадняк?