Хроніка перасьледу: За ўдзел у пратэстах у 2020 годзе затрымалі дваіх жыхароў Кобрыня, — «Вясна»

У цэнтры Кобрыня

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў пра новыя затрыманьні ў Кобрыні.

На прымусова запісаным відэа затрыманы малады мужчына кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах і рабіў непрыстойныя жэсты ў бок супрацоўнікаў міліцыі. Затрыманая маладая жанчына апавядае, што ў 2020 годзе кідалася ў бойку з сілавікамі, аблівала іх півам і таксама паказвала непрыстойныя жэсты ў бок супрацоўнікаў міліцыі.

Менск

Паводле агенцтва «Позірк», якое спасылаецца на праўладны рэсурс, за данаты і рэгістрацыю ў пляне «Перамога» затрыманы Чэслаў Герасімовіч, які ў 2022 годзе працаваў у Вільні, а пась вярнуўся ў Менск. У якім статусе знаходзіцца затрыманы і па якім артыкуле яго абвінавачваюць, пакуль невядома.

Горадня

У Горадні, паводле «Позірку», ліквідуюць Міжнароднае навукова-тэхнічнае грамадзкае аб’яднаньне «Контенант» (пазоў Міністэрства юстыцыі будзе разгледжаны 8 жніўня), якое працавала з 1994 году, і мясцовы культурна-асьветніцкі дабрачынны фонд «Кислев», які працаваў з 2018 году і які ўзначальвае старшыня савета гродзенскай габрэйскай супольнасьці Натан Шасутдзінаў (пазоў галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Горадзенскага аблвыканкаму будзе разгледжаны 16 жніўня).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 2 жніўня: затрыманьне за паведамленьне ў чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі»