Экс-сьпікер Каардынацыйнай рады Ягораў прапанаваў «у пэўным сэнсе» прызнаць легітымнасьць рэжыму Лукашэнкі

Былы сьпікер Каардынацыйнай рады палітоляг Андрэй Ягораў на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні.

Былы сьпікер Каардынацыйнай рады палітоляг Андрэй Ягораў на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні прапанаваў «у пэўным сэнсе» прызнаць легітымнасьць рэжыму Лукашэнкі, калі гэта дазволіць вызваляць палітвязьняў.

На думку Андрэя Ягорава, сытуацыя ў Беларусі ўвайшла ў доўгатэрміновую стадыю зьменаў, і дэмакратычныя сілы цяпер павінны думаць над пэрспэктывамі на 10 і больш гадоў наперад.

«Мы знаходзімся ў пэўным сэнсе ў крызісе ўласнай стратэгіі. (...) За гэтыя гады мы сталі значна далей ад сытуацыі магчымых зьменаў і значна далей па ўсіх мэтах, якія ставіла гэтая стратэгія. Рэсурсаў стала менш, перш за ўсё чалавечых рэсурсаў. Выбары ў Каардынацыйную раду паказваюць, што палітычнае поле звузілася да дзясяткаў тысяч прыхільнікаў пераменаў у Беларусі і гэта нашая рэальнасьць», — заявіў ён.

Паводле яго, дэлегітымацыі рэжыму Лукашэнкі не адбылося, і, калі паглядзець на сытуацыю ўнутры Беларусі, дык «легітымнасьць рэжыму ў вачах саміх беларусаў унутры краіны расьце». Таксама, як адзначыў Ягораў, няма рэсурсаў для прыцягненьня Лукашэнкі да адказнасьці, ціск і санкцыі не прывялі да эканамічнага абвалу рэжыму.

«Міжнароднага прызнаньня дэмсілаў — у тым сэнсе, у якім мы хацелі, — прызнаньня ў якасьці альтэрнатыўнага ўраду з боку іншых краін не адбылося», — лічыць Ягораў.

Ён выказаў думку, што дэмакратычным сілам «трэба радыкальна мяняць стратэгічныя падыходы», і прапанаваў прызнаць легітымнасьць «у пэўным сэнсе» таго, што адбываецца ў Беларусі.

«У адрозьненьне ад Паўла Латушкі, які ня хоча абмяняць дэ-факта прызнаньне гэтай сытуацыі, якая склалася ў Беларусі дзеля чагосьці... Я б прызнаў легітымнасьць у пэўным сэнсе таго, што адбываецца ў Беларусі. Я б абмяняў прысутнасьць, напрыклад, эўрапейскіх амбасадараў у Беларусі, калі гэта дазваляе вызваляць палітвязьняў у масавым парадку і рухаць сытуацыю ў Беларусі да больш спрыяльнай для дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці», — прапанаваў ён.

Верагодна, Ягораў меў на ўвазе вяртаньне ў Менск амбасадараў краін ЭЗ. На яго думку, «пытаньне вызваленьня палітвязьняў павінна быць галоўнай умовай любога супрацоўніцтва і перамоваў, якія могуць быць з рэжымам», нават калі гэтыя перамовы дададуць рэжыму легітымнасьці.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня і найбуйнейшай фракцыі ў Каардынацыйнай радзе, намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка, адказваючы на гэтую прапанову, падкрэсьліў, што не гатовы прызнаваць прэзыдэнтам Беларусі «чалавека, які зьдзяйсьняў злачынствы, даваў загады забіваць мірных беларусаў, працягвае катаваць іх у турмах і зьнішчае беларускую дзяржаўнасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня ведалі пра абмен вязьняў і ня ўдзельнічалі ў ім». Ціханоўская на адкрыцьці канфэрэнцыі «Новая Беларусь»