Да 26 жніўня ў сталіцы Шатляндыі Эдынбургу ў рамках найбуйнейшага фэстывалю мастацтваў Fringe дэманструецца мастацкая інсталяцыя «Галасы, якія праціскаюцца скрозь краты» з імёнамі больш за 1400 беларускіх палітвязьняў, паведамляе нямецка-швайцарская праваабарончая арганізацыя Libereco.
У двары Summerhall імёны больш за 1400 палітвязьняў вывесілі на асобных таблічках на ангельскай і беларускай мовах.
«Гэтая экспазыцыя, якая займае амаль 50 квадратных мэтраў, паказвае маштабы палітычнага прыгнёту ў Беларусі, паколькі кожная таблічка сымбалізуе гады турэмнага зьняволеньня, страчаныя надзеі, дэпрэсію, дрэннае здароўе і зламаныя жыцьці столькіх нявінных людзей. Але яна таксама сымбалізуе мужнасьць і непадпарадкаваньне тысяч беларусаў, якія не паддаліся спробам рэжыму Лукашэнкі прымусіць людзей замаўчаць і спыніць любое іншадумства», — паведамляе Libereco.
У будынку Summerhall на адной са сьценаў таксама выставілі 15 рэпрадукцый малюнкаў беларускіх палітвязьняў, якія тыя даслалі з турмы сваім сем’ям і блізкім.
«Салідарнасьць дапамагае трымацца і чакаць сваіх блізкіх зь няволі. Менавіта „Салідарнасьць“ дае зразумець, што мы не самотныя ў сваім горы. Гэта важна, бо мы адчуваем, што нас шмат. І таму мы пераможам!» — пракамэнтаваў Libereco арт-інсталяцыю адзін са сваякоў беларускіх палітвязьняў.
Эдынбургскі фэстываль мастацтваў Fringe лічыцца найбуйнейшым фэстывалем мастацтваў у сьвеце. На працягу трох тыдняў жніўня горад Эдынбург вітае творцаў з усяго сьвету ў розных відах мастацтваў — тэатар, танцы, цырк, кабарэ, дзіцячыя шоў, мюзіклы, опэра, музыка і інш.
Сёлета ў фэстывалі Fringe, які праходзіць 2-26 жніўня, удзельнічаюць прадстаўнікі 58 розных краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін загадаў — Лукашэнка выканаў? Чаму міжнародны абмен вязьнямі адбыўся безь беларусаў