Цэнтар пэрсаналізацыі дакумэнтаў, куды накіроўваюць звароты грамадзян пра паскораны і тэрміновы выраб пашпарта, пераходзіць на кругласуткавы рэжым працы, паведаміла прэс-служба МУС Беларусі.
У ведамстве прызналі, што ў МУС «паступаюць звароты грамадзян у пытаньні тэрміновага вырабу пашпартоў», і адзначылі, што колькасьць беларусаў, якія хочуць у тэрмінова зрабіць пашпарты, «вельмі высокая» ў летні пэрыяд.
МУС арганізавала гарачую лінію ў Дэпартамэнце па грамадзянстве і міграцыі для грамадзян Беларусі, «якія адчуваюць востры недахоп і патрэбу ў афармленьні адпаведных дакумэнтаў». Таксама стварылі рабочую групу, якая з 3 жніўня «будзе маніторыць гэтую сытуацыю ў тэрытарыяльных падразьдзяленьнях органаў унутраных спраў».
- Паведамленьні пра затрымкі з выдачай новых пашпартоў сталі зьяўляцца ў ліпені. Пазьней устаноўленага тэрміну пашпарты атрымлівалі і тыя, хто мяняў дакумэнты ў звычайным парадку, і тыя, хто заплаціў за паскораны выраб (за два тыдні). У некаторых выпадках беларусам даводзілася чакаць афармленьня дакумэнтаў 1,5 месяца.
- У Дэпартамэнце па грамадзянстве і міграцыі МУС «Люстэрку» пацьвердзілі наяўнасьць тэхнічных праблемаў з друкам, але запэўнілі, што больш за 1,5 месяца дакумэнт рабіць ня могуць. У адным з аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі прызналі затрымкі ў вырабе і выдачы пашпартоў і дадалі, што тэхнічныя праблемы — на баку Бюро пашпартызацыі насельніцтва, якое займаецца вырабам дакумэнтаў.