Былой дырэктарцы дзіцячага госьпісу ў Горадні завочна вынесьлі прысуд

Вольга Вялічка

Былой дырэктарцы Горадзенскага дзіцячага госьпісу Вользе Вялічцы 2 жніўня вынесьлі прысуд — дзевяць гадоў пазбаўленьня волі і штраф 12 000 рублёў, паведамляе «Гродна Плюс».

5 сакавіка ў адносінах да яе пачалі працэс спэцвядзеньня. Судзілі яе па сямі артыкулах КК:

  • Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх;
  • Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь;
  • Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі;
  • Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных;
  • Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці;
  • Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або звады;
  • Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб'яднаньня, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці.

Працэс вёў судзьдзя Дзьмітры Бубенчык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МУС адкрыў новы СІЗА, які пабудавалі замест «Валадаркі»

Хто такая Вольга Вялічка

Вольга Вялічка — псыхоляг, апошнія 13 гадоў жыцьця прысьвяціла працы ў дзіцячым госьпісе ў Горадні. У 2007 годзе яна стварыла грамадзкую арганізацыю і кіравала госьпісам.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Вольга была назіральніцай ад штабу Віктара Бабарыкі. З гэтага пачаліся праблемы — ператрусы і праверкі ў арганізацыі. Вольгу затрымлівалі, пакідалі на «суткі» ў ізалятары, штрафавалі за ўдзел у мітынгу. Калі зьявілася пагроза, што забяруць дзяцей, яна зь сям’ёй пераехала ў Вільню.

Раней у Беларусі на Вялічку завялі ўжо дзьве крымінальныя справы (за нясплату падаткаў і ўдзел у пратэстах) і ўключылі яе ў сьпісы Інтэрполу. У госьпісу забралі памяшканьне, а саму арганізацыю зьліквідавалі разам з сотняй іншых НДА.

У абарону Вольгі Вялічкі і дзіцячага госьпісу ў лістападзе 2020 году выступіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International. Быў заклік спыніць перасьлед Вольгі з палітычных матываў, аднак плёну ён не прынёс.

Раней Вольга Вялічка ў інтэрвію казала, што пасьля эміграцыі распачала працу ў прыватнай беларускай школе ў Вільні, паралельна спрабавала знайсьці грошы, каб госьпіс у Горадні мог працягваць дзейнасьць.

Горадзенскі дзіцячы госьпіс улады зьліквідавалі 20 жніўня 2023 году.