Беларускі мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч пасьля суду за акцыю Renaissance на магіле славутага мастака Вінсэнта ван Гога знаходзіцца ў дэпартацыйным цэнтры.
Як паведаміла Свабодзе давераная асоба беларускага мастака, пасьля затрыманьня на могілках муніцыпалітэту Авэр-сюр-Уаз 29 ліпеня, над Аляксеем Кузьмічом адбыўся суд у камуне Пантуаз.
«Прысудзілі штраф 3000 эўра, месяц умоўнага зьняволеньня і дэпартацыю ў краіну паходжаньня, то бок у Беларусь. Цяпер Аляксей знаходзіцца ў дэпартацыйным цэнтры ў камуне Мэніль-Амлё, які, у істоце, ёсьць турмой для зьняволеных, якія адбылі пакараньне ў калёніі і чакаюць адпраўкі дадому», — паведаміла давераная асоба Аляксея Кузьміча.
Паводле суразмоўцы, цяпер адвакаты працуюць над тым, каб не дапусьціць дэпартацыі Аляксея Кузьміча ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі мастак, вядомы сваімі палітычнымі пэрформансамі, зладзіў акцыю ў Францыі на магіле Вінсэнта ван ГогаАкцыя адбылася на могілках муніцыпалітэту Авэр-сюр-Уаз 29 ліпеня, у 139-ю гадавіну з дня сьмерці славутага мастака.
Аляксей Кузьміч надзеў белы гарнітур і нанёс на твар белы грым. На могілкі ён прыйшоў з рыдлёўкай і пачаў раскопваць магілу ван Гога.
«Сёньня знакавы дзень. У сьвет вяртаецца Мастак! Віншую ўсіх нас з гэтым вялікім днём! Мастак! Час падымацца, Мастак! Уставай!» — напісаў ён пад відэазапісам сваёй акцыі, разьмешчаным на YouTube-канале.
Затым да яго падышлі двое паліцыянтаў, запіс абарваўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастак Кузьміч зноў вяртаўся ў Беларусь. Для эвакуацыі давялося задзейнічаць BySolАляксей Кузьміч зьехаў зь Беларусі яшчэ ў 2020 годзе пасьля сваіх палітычных пэрформансаў на выбарчым участку і падчас пратэстаў. Улетку 2023 году ён нечакана вярнуўся ў Менск, каб атрымаць новы пашпарт і замяніць пасьведчаньне кіроўцы. Паралельна Аляксей правёў акцыю «Транзыт», зьняў яе на відэа і апублікаваў яго ўжо пасьля пасьпяховага ад’езду з краіны.