Амбудсмэн Украіны Дзьмітро Лубінец патрабуе ад упаўнаважанай у правах чалавека Расеі Тацяны Маскальковай поўную інфармацыю аб прычынах і абставінах сьмерці ў ізалятары абаронцы Марыюпалю Аляксандра Ішчанкі.
31 ліпеня пра сьмерць украінца паведамілі расейскія СМІ, калі ў Растове пачалося чарговае пасяджэньне суда над 24 украінцамі, якіх у траўні 2022 году вывезьлі ў Расею з заблякаванага расейцамі заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі ў выніку ўкраінска-расейскіх дамоўленасьцяў пра выхад украінскіх вайскоўцаў з гэтага горада. Тады Расея паведамляла, што агулам «здаліся» 2439 украінскіх вайскоўцаў.
«З тэрміновым лістом зьвярнуўся да ўпаўнаважанай у правах чалавека ў Расейскай Фэдэрацыі, каб яна разабралася ў трагічнай сьмерці ваеннапалоннага, якога ўтрымліваў расейскі бок, і паведаміла мне абставіны і прычыну сьмерці Аляксандра Ішчанкі», — паведаміў Дзьмітро Лубінец.
Адначасова ён праінфармаваў пра гэты інцыдэнт Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і ААН, каб гэтыя арганізацыі зафіксавалі факт гібелі ваеннапалоннага і зьвярнулі ўвагу на ўмовы ўтрыманьня ўкраінскіх палонных абаронцаў.
Дзьмітро Лубінец паведаміў са спасылкай на дачку Аляксандра Ішчанкі, што той памёр больш за тыдзень таму. Украінцу было 55 гадоў.
Расея абвінавачвала Аляксандра Ішчанку разам з 23 іншымі абаронцамі Марыюпалю ў датычнасьці да «тэрарыстычнай арганізацыі» і «спробе гвалтоўнага захопу ўлады» на акупаванай расейскімі войскамі частцы Данецкай вобласьці. Дваіх палонных, якія таксама «фігуравалі» у гэтай справе, Украіне ўдалося абмяняць раней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters паведамляе пра эвакуацыю з «Азоўсталі». Камандзір палку «Азоў» заявіў аб выкананьні «зацьверджанага рашэньня»