Агенцтва Bloomberg паведаміла пра пастаўку першых зьнішчальнікаў F-16 Украіне

Самалёт F-16

Украінская армія атрымала «невялікую» колькасьць зьнішчальнікаў F-16, сьцьвярджае агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы.

Калі гэтая інфармацыя адпавядае рэчаіснасьці, гэта першыя пастаўкі амэрыканскіх зьнішчальнікаў Украіне.

Крыніцы выданьня адзначаюць, што невядома, ці змогуць украінскія вайскоўцы адразу выкарыстоўваць самалёты ў баявых дзеяньнях, ці працэс падрыхтоўкі зойме пэўны час. Кіеў меркаваную перадачу тэхнікі не камэнтаваў.

  • Улады Ўкраіны прасілі даць ім зьнішчальнікі заходняй вытворчасьці з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. У 2023 годзе некалькі краінаў са згоды ЗША прынялі рашэньне перадаць Кіеву такія самалёты.
  • У канцы траўня першая група ўкраінскіх пілётаў завяршыла курс навучаньня на зьнішчальніках F-16 у ЗША. Пасьля гэтага пілёты адправіліся ў Эўропу праходзіць дадатковую падрыхтоўку.
  • У сакавіку The New York Times сьцьвярджала, што да ліпеня 2024 году Ўкраіна можа атрымаць шэсьць F-16, да якіх будуць падрыхтаваныя 12 пілётаў. Акрамя таго, падрыхтоўку для абслугоўваньня зьнішчальнікаў праходзілі каля 50 украінскіх тэхнікаў, сьцьвярджала выданьне.
  • General Dynamics F-16 вырабляюць зь сярэдзіны 70-х гадоў ХХ стагодзьдзя, гэта адзін з самых масавых зьнішчальнікаў чацьвёртага пакаленьня. Ён прызначаны як для перахопу паветраных цэляў, так і для нанясеньня ўдараў па наземных аб’ектах. Ён быў на ўзбраеньні больш як 20 краінаў. Па стане на 2023 год у складзе ВПС розных дзяржаваў знаходзілася больш за 2100 такіх самалётаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны NATO пачалі пастаўкі Ўкраіне самалётаў F-16