«Рэкрутынгавы цэнтар палку імя Кастуся Каліноўскага спыніў працу. За 2,5 года вайны празь яго прайшлі некалькі тысяч беларусаў і тоны важных тавараў для фронту. Дзякуй за службу, пабрацімы», — гаворыцца ў паведамленьні палку Каліноўскага.
Павал Кухта ўдакладніў, што полк больш ня будзе набіраць добраахвотнікаў у Варшаве паводле рашэньня кіраўніцтва Інтэрнацыянальнага легіёну. Цяпер рэкрутынг беларусаў будзе праходзіць праз уласную сыстэму легіёну ва Ўкраіне.
«Мы з шкадаваньнем прынялі гэтую навіну, бо наш цэнтар дазваляў беларусам хутка і бясьпечна трапляць у полк Каліноўскага і праходзіць навучаньне на ўласнай базе разам зь іншымі беларусамі», — адзначыў Павал Кухта.
Ён заклікаў беларусаў не адмаўляцца ад падтрымкі палку і плянаў уступіць у фармаваньне.
- 19 ліпеня полк імя Каліноўскага на сайце заявіў пра зьмену камандзіра і рэформы. Раней камандзірам палку быў Дзяніс «Кіт» Прохараў. Цяпер выканаўцам абавязкаў камандзіра стаў Павал «Дзядзька» Шурмей.
- 22 ліпеня ў тэлеграм-канале палку Каліноўскага зьявілася паведамленьне, што «полк страчвае элемэнты самакіраваньня», а новыя ўмовы набору рэкрутаў «зьнішчаюць працоўную сыстэму, збудаваную за больш чым 2 гады». Таксама сьцьвярджалася, што вайсковая частка, дзе месьціцца полк, патрабуе ў прэс-службы палку Каліноўскага аддаць доступ да палкавых сацсетак.
- 22 ліпеня Павал Шурмей даў інтэрвію афіцыйнаму Youtube-каналу Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны, дзе расказаў пра рэформы ў падразьдзеле. Паводле яго, перамены пачаліся некалькі месяцаў таму і накіраваныя на тое, каб палепшыць баяздольнасьць, павялічыць фінансавую празрыстасьць, каб беларусы замежжа і ня толькі беларусы дапамагалі фінансава і каб валянтэры хацелі працаваць з палком. Шурмей таксама заявіў, што хоча палепшыць рэкрутынг, каб людзі ішлі ў полк.
- 30 ліпеня Беларускі дом у Варшаве паведаміў, што з пачатку ліпеня спыніў сваю дзейнасьць Цэнтар дапамогі палку імя Кастуся Каліноўскага, які месьціўся ў офісе на вуліцы Крынічнай, 6 у Варшаве.