Прычынай ахалоджваньня адносінаў паміж Вашынгтонам і Тбілісі стаў закон аб так званым замежным уплыве, прыняты парлямэнтам Грузіі ў траўні сёлета. ЗША, як і многія эўрапейскія дзяржавы, а таксама грузінская апазыцыя, лічаць, што гэты закон супярэчыць прынцыпам дэмакратыі і будзе скарыстаны як інструмэнт палітычных рэпрэсіяў. Яго параўноўваюць з законам аб «замежных агентах», які дзейнічае ў Расеі.
Блінкен таксама абвінаваціў грузінскі ўрад у «антыдэмакратычных дзеяньнях і ілжывых заявах», якія, паводле яго, несумяшчальныя з нормамі Эўразьвязу і NATO, піша Reuters. Грузія — ня сябра ані ЭЗ, ані NATO, але імкнецца ўступіць у іх.
Раней ЗША абвясьцілі, што перагледзяць адносіны з Грузіяй і ўвядуць санкцыі супраць грузінскіх палітыкаў, якіх лічаць датычнымі да парушэньня дэмакратычных прынцыпаў, а таксама супраць іхных сямейнікаў.
- Парлямэнт Грузіі 28 траўня прыняў закон аб замежным уплыве, нягледзячы на вета, накладзенае прэзыдэнткай краіны Саламэ Зурабішвілі. Закон, які называюць калькай з расейскага закону аб так званых замежных агентах, прадугледжвае рэгістрацыю ў адмысловым рэестры ўсіх няўрадавых арганізацыяў, якія фінансуюцца з-за мяжы больш як на 20%, а таксама публікацыю на адмысловым сайце падрабязнай справаздачы аб іх даходах і дзейнасьці. У выпадку адмовы на НКА будуць накладаць буйныя штрафы.
- Эўразьвяз пасьля прыняцьця Грузіяй закону аб замежным уплыве прыпыніў працэс разгляду яе магчымай інтэграцыі і замарозіў вайсковую дапамогу Тбілісі абʼёмам у 30 мільёнаў эўра.