За другі квартал 2024 году колькасьць заведзеных у Беларусі палітычна матываваных крымінальных спраў дасягнула 450 — гэта абсалютны максымум за апошнія 4 гады, паведаміў 31 ліпеня старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў Генадзь Коршунаў на прэзэнтацыі свайго дасьледаваньня «Баромэтар рэпрэсіяў у Беларусі» за другі квартал 2024 году, піша «Позірк».
Паводле Генадзя Коршунава, крымінальны перасьлед беларусаў, нязгодных зь дзейнай уладай, мае «хвалевую структуру», як і іншыя формы рэпрэсіяў. Праваабаронцам і дасьледчыкам вядомыя далёка ня ўсе іх выпадкі, дадаў ён.
«Цяпер мы, верагодна, знаходзімся ў пачатку трэцяй хвалі [рэпрэсіяў], якая пачалася ў першым квартале 2024 году», — зазначыў Коршунаў.
Першая хваля, паводле сацыёляга, назіралася ў другой палове 2021 году, калі за трэці квартал завялі сама меней 356 крымінальных спраў, другая — у сярэдзіне 2023 году (446 спраў за трэці квартал).
Згодна з дасьледаваньнем, за другі квартал 2024 году колькасьць новых палітвязьняў перавысіла аналягічны паказчык папярэдняга кварталу на 80% — 178 супраць 99. Пік прызнаньня асуджаных палітвязьнямі прыпаў на канец 2021 году, калі за месяц такімі прызналі больш за 100 чалавек. У наступныя гады інтэнсіўнасьць прызнаньня палітвязьнямі была ніжэйшая, адзначыў Коршунаў.
Таксама вядома пра сама меней 1112 палітычна матываваных адміністрацыйных спраў, якія завялі ў другім квартале 2024 году (за першы квартал — 1313). Адзначыўшы кароткатэрміновае зьніжэньне адміністрацыйнага ціску на праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі, Коршунаў нагадаў, што сярэднегадавая квартальная дынаміка паказвае ўстойлівую тэндэнцыю яго росту.
Паводле дасьледчыка, у Беларусі па-ранейшаму «працягваецца інструмэнтальнае прымяненьне антыэкстрэмісцкага заканадаўства». У другім квартале 2024 году ў параўнаньні з папярэднім кварталам «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» прызналі на 25% больш арганізацыяў, у «экстрэмісцкі сьпіс» уключылі 485 чалавек — гэта амаль на 74% больш, чым за першы квартал (279).
Рэпрэсіўны ціск на беларускае грамадзтва расьце, рэжым Лукашэнкі ўзмацняе рэпрэсіі супраць тых, каго лічыць сваімі праціўнікамі, падсумаваў Коршунаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лёгікі няма». Каго ў Беларусі ўключаюць у «сьпісы экстрэмістаў і тэрарыстаў»