У Міністэрстве абароны Расеі пачалі трэці этап вучэньняў сіл і носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі.
«У часе вучэньняў адпрацуюць пытаньні падрыхтоўкі частак Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі да баявога прымяненьня нестратэгічнай ядзернай зброі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Згодна з паведамленьнем расейскага Мінабароны, у вучэньнях будуць задзейнічаныя ракетныя злучэньні Паўднёвай і Цэнтральнай вайсковых акруг. На іх адпрацуюць атрыманьне спэцыяльных навучальных баявых прыпасаў для ракетных комплексаў «Іскандэр-М», абсталяваньне імі ракет-носьбітаў і «скрытае прасоўваньне ў прызначаныя пазыцыйныя раёны для падрыхтоўкі да правядзеньня электронных пускаў».
У вучэньнях задзейнічаюць авіяцыю Паветрана-касьмічных сіл, каб адпрацаваць зарады самалётаў нестратэгічнай ядзернай зброяй і вылеты ў вызначаныя раёны патруляваньня.
У першым і другім этапах вучэньняў гэтыя навыкі баявога выкарыстаньня нестратэгічнай ядзернай зброі адпрацоўвалі ў частках Паўднёвай і Ленінградзкай вайсковых акруг, падразьдзелаў Паветрана-касьмічных сіл і Вайскова-марскога флёту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі пачаліся вучэньні нестратэгічных ядзерных сіл. Пазьней да іх далучацца беларускія вайскоўцыУ першых двух этапах, якія праводзіліся ў траўні і чэрвені, удзельнічалі падразьдзелы Беларусі — сілы і сродкі носьбітаў тактычнай ядзернай зброі з прымяненьнем штурмавікоў Су-25, апэратыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр» і «Палянэз»
Міністэрства абароны Беларусі пакуль не паведамляе аб удзеле беларускіх вайскоўцаў у трэцім этапе расейскіх вучэньняў. Згодна з апошнім паведамленьнем у афіцыйным Telegram-канале, 31 ліпеня праводзяцца мабілізацыйныя вучэньні з вайсковымі камісарыятамі Віцебскай вобласьці. У іх возьмуць удзел падразьдзелы Сіл спэцыяльных апэрацый Узброеных сіл Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея і Беларусь пачалі другі этап вучэньняў. Адпрацоўваюць прымяненьне ядзернай зброі- 6 траўня Міністэрства абароны Расеі абвясьціла аб правядзеньні неўзабавае вучэньняў з тактычнай ядзернай зброяй у межах Паўднёвай вайсковай акругі ў адказ на «правакацыйныя заявы і пагрозы» Захаду. У камэнтарах амэрыканскіх чыноўнікаў гэта было названа безадказнымі паводзінамі.
- 7 траўня ў Міністэрстве абароны Беларусі заявілі пра пачатак праверкі гатоўнасьці сілаў і сродкаў носьбітаў тактычнай ядзернай зброі з прымяненьнем штурмавікоў Су-25, апэратыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр» і «Палянэз».
- Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заяўлялі, што раптоўная праверка ядзернай гатоўнасьці ў Беларусі накіраваная на ўзмацненьне кампаніі ціску Крамля на Захад дзеля зьмяншэньня дапамогі Ўкраіне.