«Сёньня можам казаць пра тое, што ў міждзяржаўны вышук абвешчаныя пяць былых і дзейных супрацоўнікаў Беларускага расьсьледніцкага цэнтру, — расказаў Беларускай асацыяцыі журналістаў Станіслаў Івашкевіч. — Першымі на гэта зьвярнулі ўвагу члены каманды „Бюро Мэдыя“, якія працавалі ў БРЦ на момант прызнаньня яго „экстрэмісцкай арганізацыяй“. Гэта журналісты Аляксандар Ярашэвіч, Аляксей Карпека і Вольга Альхіменка. Калі ж мы праверылі базу расейскага МУС, то знайшлі ў росшуку яшчэ мяне і Сяргея Чалага».
У верасьні 2022 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Беларускі расьсьледніцкі цэнтар «экстрэмісцкай арганізацыяй».
На думку Станіслава Івашкевіча, уключэньне пяці дзейных і былых супрацоўнікаў БРЦ не зьвязанае зь нейкай крымінальнай справай у Расеі. Мяркуе, што, пэўна, гэта проста адлюстраваньне саюзнага вышуку па наводцы Беларусі з нагоды крымінальных спраў, заведзеных у Беларусі.
Невядома, паводле якіх артыкулаў заведзеная адна ці некалькі спраў супраць журналістаў-расьсьледнікаў.
«Але, улічваючы, што ў Беларусі сілавікі прыходзілі на адрасы мяне і іншых людзей, не абавязкова зьвязаных з БРЦ сёньня, прыблізна ў адзін час, то гэта можа сьведчыць пра тое, што гэта ўсё працяг справы, заведзенай крыху раней, — разважае Станіслаў Івашкевіч. — Мяркую, што ўнясеньне ў расейскую базу — гэта тэхнічнае наступства таго, што нас абвесьцілі ў вышук беларускія ўлады. А чаму ўлады зьвяртаюць на нас асаблівую ўвагу? Сярод іншага, на маю думку, праз тое, што нашыя публікацыі ў тым ліку прыносілі істотную эканамічную шкоду карупцыйным схемам пад прыкрыцьцём беларускіх уладаў у абыходзе заходніх санкцый супраць Беларусі і Расеі».
«Гэта прыкра і абуральна, але мы былі гатовыя ўжо даўно да ціску. Адказам на ціск з нашага боку ёсьць актывізацыя нашых высілкаў, што мы і прадэманструем цягам наступных месяцаў. Чакаецца выхад шэрагу гучных расьсьледаваньняў», — падкрэсьліў журналіст.
- Станіслаў Івашкевіч заснаваў Беларускі расьсьледніцкі цэнтар у 2018 годзе. Каманда мэдыяпраекту вымушана выехала зь Беларусі ў 2021 годзе, пасьля разгрому сілавікамі студыі БРЦ у Менску.
- Станіслаў Івашкевіч — неаднаразовы пераможца творчага конкурсу БАЖ «Вольнае слова», ляўрэат прэміі Global Anti Corruption Champions Award у 2023 годзе.
- Эканаміст, публіцыст і журналіст Сяргей Чалы вядзе перадачы на YouTube-канале Беларускага расьсьледніцкага цэнтру з 2022 году. Тут ён аўтар і вядоўца праграм «Навіны з Чалым» і «Чалы: эканоміка». Ляўрэат прэміі Global Belarus Solidarity Award 2020.