Дата дня
31 ліпеня 1949 году на першым кангрэсе беларусаў ЗША ў Нью-Ёрку была створаная арганізацыя «Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне» — найстарэйшая беларуская арганізацыя ў ЗША. У 1950 годзе арганізацыя атрымала афіцыйнае прызнаньне з боку амэрыканскіх уладаў.
Сёньня «Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне» складаецца з шэрагу мясцовых структураў — аддзелаў і мясцовых гурткоў ад Нью-Ёрку да Каліфорніі.
У гэты дзень
1649 — пад Лоевам адбылася самая буйная бітва казацкай вайны часоў паўстаньня Багдана Хмяльніцкага. Урадавыя войскі Вялікага Княства Літоўскага разьбілі 25-тысячнае казацкае войска на чале зь Міхаілам Крычэўскім.
1920 — пасьля завяршэньня савецка-польскай вайны на сумесным пасяджэньні Менскага губэрнскага рэвалюцыйнага камітэту і ЦК КП(б) Літвы і Беларусі была прынятая «Дэклярацыя аб абвяшчэньні незалежнасьці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь». Усходняй мяжой ССРБ была прызнаная мяжа Менскай губэрні.
1944 — у Беларусі пачалася маштабная апэрацыя НКВД з мэтаю ліквідацыі ў заходніх раёнах узброенага падпольля. Усяго за год арыштавалі амаль сто тысяч чалавек, забілі пры супраціве 3,2 тысячы.
1956 — выйшла пастанова ЦК КПСС пра разьвіцьцё жыльлёвага будаўніцтва ў СССР; лічыцца днём нараджэньня знакамітых «хрушчовак».
1991 — ЗША і Савецкі Саюз падпісалі дамову аб скарачэньні стратэгічных узбраеньняў, паводле якой запасы ядзерных боегаловак бакоў былі скарочаныя на траціну.
У гэты дзень нарадзіліся
1802 — Ігнат Дамейка, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі, славуты чылійскі навуковец.
1817 — Ігнат Храпавіцкі, беларускі паэт і фальклярыст.
1912 — Мілтан Фрыдман, амэрыканскі эканаміст, нобэлеўскі ляўрэат 1976 году.
1965 — Джоан Роўлінг, ангельская пісьменьніца, аўтарка кніг пра Гары Потэра.
1989 — Вікторыя Азаранка, беларуская тэнісістка.
У памяці
1556 — Ігнацы Ляёла, заснавальнік ордэна езуітаў.
1784 — Дэні Дзідро, францускі мысьляр і пісьменьнік.
1849 — Шандар Пэцёфі, вугорскі паэт і рэвалюцыянэр (загінуў у баі).
1886 — Фэрэнц Ліст, вугорскі кампазытар.
1944 — Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры, францускі пісьменьнік (загінуў у баі).
1998 — Аляксей Філіпчанка, беларускі юрыст, праваабаронца, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х, ахвяра палітычнага перасьледу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найстарэйшай беларускай арганізацыі ў ЗША — 70. У чым розьніца паміж старымі і маладымі эмігрантамі?