29–30 ліпеня Мінабароны Беларусі праводзіць тактыка-спэцыяльнае вучэньне зь сіламі і сродкамі выведкі Заходняга апэратыўнага камандаваньня, паведамляе прэс-служба ведамства.
У паведамленьні ведамства падкрэсьліваецца, што плянавалі і праводзяць вучэньне «з улікам досьведу спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» (так у Беларусі называюць поўнамаштабную вайну, якую Расея распачала ва Ўкраіне. — РС).
У ходзе манэўраў апрабавалі «новыя аўтаматызаваныя комплексы збору і апрацоўкі інфармацыі, створаныя на аснове штучнага інтэлекту», заявілі ў ведамстве.
На вучэньнях адпрацоўвалі вядзеньне «ўсіх відаў выведкі, у тым ліку паветранай з прымяненьнем бесьпілётнай авіяцыі і радыёэлектроннай выведкі з прымяненьнем комплексаў сродкаў аўтаматызацыі і кіраваньня». Дадаткова дэталёва прапрацоўвалі пытаньні вядзеньня контрабатарэйнай барацьбы і прымяненьня FPV-дронаў, адзначыла Мінабароны Беларусі.
- 24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіі Расеі супраць Украіны былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі адносна Беларусі.
- Увесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.