Беларускі мастак, вядомы сваімі палітычнымі пэрформансамі, зладзіў акцыю ў Францыі на магіле Вінсэнта ван Гога

Аляксей Кузьміч. Архіўнае фота

Беларускі мастак Аляксей Кузьміч назваў сваю акцыю Renaissance і абгрунтаваў яе тым, што «невыносна жыць у сьвеце, дзе скончыліся мастакі».

Акцыя адбылася на могілках муніцыпалітэту Авэр-сюр-Уаз 29 ліпеня, у 139-ю гадавіну з дня сьмерці славутага мастака.

Аляксей Кузьміч апрануў белы гарнітур і нанёс на твар белы грым. На могілкі ён прыйшоў з рыдлёўкай і пачаў раскопваць магілу ван Гога.

«Сёньня знамянальны дзень. У сьвет вяртаецца Мастак! Віншую ўсіх нас з гэтым вялікім днём! Мастак! Час падымацца, Мастак! Уставай!» — напісаў ён пад відэазапісам сваёй акцыі, разьмешчаным на YouTube-канале.

Затым да яго падыходзяць два паліцыянты, і запіс абрываецца. Пакуль няма ніякіх дэталяў наконт гэтага інцыдэнту.

Аляксей Кузьміч зьехаў зь Беларусі яшчэ ў 2020 годзе пасьля правядзеньня палітычных пэрформансаў на выбарчым участку і падчас пратэстаў. Улетку 2023 году ён нечакана вярнуўся ў Менск, каб атрымаць новы пашпарт і замяніць пасьведчаньне кіроўцы. Паралельна Аляксей правёў акцыю «Транзыт», зьняў усё на відэа і апублікаваў яго ўжо пасьля пасьпяховага ад’езду з краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастак Кузьміч зноў вяртаўся ў Беларусь. Для эвакуацыі давялося задзейнічаць BySol

Сёлета ў лютым стала вядома, што Аляксей Кузьміч другі раз вяртаўся ў Беларусь пасьля выезду з краіны. Зь Беларусі яго вывозіла служба эвакуацыі фонду BySol. Пасьля гэтага кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак папярэдзіў, што больш яго вывозіць ня будуць. Як расказаў Аляксей Кузьміч СМІ, у Менск ён езьдзіў разьвітацца з хворай бабуляй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьледчы сказаў, што маглі забіць». Пагаварылі з мастаком-акцыяністам Кузьмічом, які хацеў пранікнуць у палац Макрона