«Нас не запалохаць падобнымі заявамі», — заявіў на ўрадавай прэсавай канфэрэнцыі афіцыйны прадстаўнік МЗС Нямеччыны Сэбаст'ян Фішэр.
Пра гэта паведамляе DW.
10 ліпеня ЗША заявілі, што з 2026 году пачнуць разьмяшчаць у Нямеччыне ракеты далёкага радыюсу дзеяньня ў рамках падрыхтоўкі да доўгатэрміновага разгортваньня, якое ўключыць у сябе SM-6, крылатыя ракеты «Тамагаўк» і гіпэргукавую зброю, якая распрацоўваецца. У сумеснай заяве дзьвюх краінаў падкрэсьлівалася, што разгортваньне будзе ажыцьцяўляцца з мэтай прадэманстраваць прыхільнасьць да ўмацаваньня NATO і забесьпячэньня эўрапейскай абароны.
Падчас вайскова-марскога параду ў Санкт-Пецярбургу, які адбыўся ў мінулую нядзелю, прэзыдэнт Расеі прыгразіў аднавіць вытворчасьць ядзернай зброі сярэдняй далёкасьці, калі гэтыя пляны будуць рэалізаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін прыгразіў адказаць на разьмяшчэньне ракет ЗША ў НямеччынеЁн заявіў, што цяпер у Расеі «распрацоўваньне цэлага шэрагу такіх сыстэмаў знаходзіцца на завяршальнай стадыі».
«Мы прымем меры ў разгортваньні ў адказ з улікам дзеяньняў ЗША і іхных сатэлітаў у Эўропе і іншых рэгіёнах сьвету», — сказаў Пуцін.
Па словах Фішэра, «гэты тып ракет ужо даўно распрацаваны і разгорнуты Расеяй».
«Цяпер мы плянуем меры ў адказ, каб не дапусьціць ужываньня гэтай зброі супраць Нямеччыны або іншых мэтаў», — дадаў ён.
Ракеты наземнага базаваньня з радыюсам дзеяньня, які перавышае 500 кілямэтраў, былі забароненыя да 2019 году ў адпаведнасьці з Дамовай аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці (INF), падпісанай у 1987 годзе тагачасным прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам і апошнім савецкім лідэрам Міхаілам Гарбачовым.
Тое пагадненьне стала першым выпадкам, калі дзьве звышдзяржавы дамовіліся аб скарачэньні сваіх ядзерных арсэналаў і зьліквідавалі цэлую катэгорыю ўзбраеньняў.
Апошняя савецкая ракета гэтай катэгорыі Р-12 была зьнішчаная ў Беларусі 23 траўня 1990 году на базе ліквідацыі «Лясная» пад Баранавічамі.
У 2019 годзе ЗША выйшлі з дамовы, заявіўшы, што Масква парушае яе. Пры гэтым Вашынгтон зьвярнуў увагу на распрацоўку Расеяй крылатай ракеты наземнага базаваньня 9М729, вядомай у NATO як SSC-8.