У Расейскай чыгунцы паведамілі, што пасьля сутыкненьня пасажырскага цягніка з грузавіком у Валгаградзкай вобласьці і сыходу вагонаў з рэек пацярпелі каля 140 чалавек, 16 — шпіталізаваныя.
Як паведаміла расейская служба Радыё Свабода, усяго ў цягніку, які рухаўся па маршруце Казань — Адлер, знаходзіліся больш за 800 пасажыраў.
Паводле зьвестак некалькіх тэлеграм-каналаў, сутыкненьне адбылося праз тое, што кіроўца самазвала намагаўся хутка праехаць чыгуначны пераезд перад цягніком, які ўжо набліжаўся. На гэтым пераезьдзе не было шлягбаўмаў.
У Расейскай чыгунцы сьцьвярджаюць, што сыгналізацыя аб набліжэньні цягніка працавала, апроч таго, на гэтым участку дарогі далёка відаць. Машыніст экстранна затармазіў, але пазьбегнуць сутыкненьня не ўдалося.
Кіроўцу грузавіка шпіталізавалі ў цяжкім стане.
Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу паводле факту аварыі. На месцы працуюць больш за 320 ратавальнікаў, больш за 100 адзінак тэхнікі і больш за 200 брыгад хуткай дапамогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі сышлі з рэек дзевяць вагонаў пасажырскага цягніка «Варкута — Новарасійск», ёсьць пацярпелыя