Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў часе перамоў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам абмяркоўваў «праблемныя пытаньні» ў выкананьні дамовы аб гарантыях бясьпекі.
«Увосень, напярэдадні 25-годзьдзя дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы, у Менску адбудуцца ўсе найбольш важныя мерапрыемствы — і саюзны Саўмін, і Вышэйшы дзяржаўны савет. З прэзыдэнтам [Расеі] мы дамовіліся, што да гэтага моманту павінны быць закрытыя ўсе праблемны пытаньні — і па лініі саветаў бясьпекі [дамова аб гарантыях бясьпекі], і па тэмах ураду. Усе пытаньні мусяць быць вырашаныя да пачатку чацьвёртага кварталу», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
У той жа час ён падкрэсьліў, што пытаньні бясьпекі «мелі закрыты характар», але падключаны «ўсе сілавыя структуры і міністры, у тым ліку Міністэрства замежных спраў у пэўных пытаньнях».
Пасьля свайго візыту ў Расею, 29 ліпеня, Аляксандар Лукашэнка правёў нараду аб міжнародных пытаньнях.
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «Расея адкрытая да супрацы зь Беларусьсю» ў авіябудаўніцтве, мікраэлектроніцы, станкабудаўніцтве і ў космасе.
Пры гэтым ён нагадаў прадстаўнікам ураду словы, якія нібыта сказаў яму Пуцін у часе свайго апошняга візыту ў Менск, пра тое, што «Беларусь павінны быць незалежнай, самадастатковай краінай з устойлівай эканамічнай асновай».
У ліку нявырашаных з Расеяй праблем Лукашэнка назваў надгляд у аэрапортах, роўмінг і нястача пасажырскага транспарту, у прыватнасьці цягнікоў.
Асобна ён спыніўся на тым, што ўрады Расеі і Беларусі не змаглі дамовіцца аб новай формуле цэнаўтварэньня на нафту, утылізацыйным зборы і папярэдняй аплаце за нафту.
«Усе гэтыя пытаньні мы абмеркавалі з прэзыдэнтам Пуціным. Больш за тое, мы дамовіліся, што я сёньня-заўтра, залежна ад таго, як вы гэта падрыхтуеце, накірую яму пісьмовае пасланьне, ліст з выкладаньнем сутнасьці гэтых трох пытаньняў. Напрыклад, што тычыцца папярэдняй аплаты за нафту, якую ў асноўным пастаўляе ў Беларусь кампанія «Роснефть», то гэта нават абурыла прэзыдэнта Расеі. «Гэтага быць ня можа! Якая перадплата? Усё жыцьцё працавалі безь перадплаты — зможам і далей працаваць», — расказаў Лукашэнка аб рэакцыі Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка паляцеў у Расею, каб сустрэцца з ПуцінымЛукашэнка знаходзіўся зь візытам у Расеі 25–26 ліпеня. СМІ паведамлялі, што сустрэча з Уладзімірам Пуцінам адбывалася ў манастыры на востраве Валаам, што на Ладажаскім возеры. Але дэталі аб зьмесьце перамоў раней не публікаваліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не дамовіліся? Дзеля чаго Лукашэнка лётаў да Пуціна на ВалаамЗ 2022 году Лукашэнка наведваў Расею і сустракаўся з Пуціным болей за 20 разоў. Часта ягоныя палёты ў Маскву не анансуюцца і робяцца вядомымі толькі ў дзень самога візыту.