«Эгаізм прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана прывёў да ізаляцыі яго краіны», — цытуе PAP словы міністра замежных спраў Польшчы Радослава Сікорскага з спасылкай на ягонае інтэрвію парталу Visegrad Insight, апублікаванае 29 ліпеня.
Закранаючы палітыку Орбана, кіраўнік польскай дыпляматыі заявіў, што «цяжка здабыць сяброў, калі хтосьці выпраменьвае эгаізм».
Прэм’ер-міністар Вугоршчыны заблякаваў бюджэт ЭЗ і дапамогу Ўкраіне, а таксама рэзка раскрытыкаваў палітыку ЭЗ у адносінах да ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. У ліпені Орбан, які падтрымлівае цесныя адносіны з Уладзімірам Пуціным, адправіўся з самавольнай «мірнай місіяй» у Маскву і Пэкін. Дзяржавы – сябры ЭЗ тады падкрэсьлілі, што Орбан ня меў адпаведнага мандату весьці перамовы ад іхнага імя, нягледзячы на тое, што Вугоршчына цяпер старшынюе ў Радзе ЭЗ.
На думку Радослава Сікорскага, было б цяжка сказаць, што «вугорская сымэтрыя, разьмешчаная паміж Масквой і Бруселем, павялічвае ўплыў Вугоршчыны».
«Наадварот, гэта раздражняе ўсіх астатніх», — дадаў ён.
27 ліпеня ў Румыніі Орбан абвінаваціў Польшчу ў тым, што яна вядзе справы з Расеяй праз пасярэднікаў. На наступны дзень намесьнік міністра замежных спраў Уладыслаў Барташэўскі абверг гэтае сьцьвярджэньне і прапанаваў Вугоршчыне выйсьці з ЭЗ і замест гэтага стварыць «саюз з Пуціным і некаторымі аўтарытарнымі дзяржавамі гэтага тыпу».
Сікорскі падкрэсьліў у інтэрвію Visegrad Insight, што краіны ўсходняга флянгу ЭЗ, якія маюць больш сьціплыя рэсурсф, не павінны фінансаваць абарону багацейшых краін.
«Калі мы пагодзімся з тым, што Пуцін нясе пагрозу для ўсёй Эўропы, бо рассылае эскадроны сьмерці па ўсёй Эўропе, вэрбуе падпальшчыкаў, якія сеюць разбурэньні па ўсёй Эўропе, атакуе кібэрсеткі, пагражае ядзернай зброяй, выкарыстоўвае энэргетычны шантаж, адпраўляе ўцекачоў, якія пераяжджаюць у канчатковым выніку ня толькі ў Польшчу, але і далей, гэта агульная пагроза», — сказаў міністар Сікорскі.
Ён дадаў, што фінансаваньне захадаў у супрацьдзеяньні гэтай пагрозе таксама павінна быць агульным.
«Такім чынам, мае намаганьні накіраваныя на павелічэньне Эўрапейскага фонду міру. Як вынікае з назвы, гэта абаронны бюджэт Эўразьвязу, які мы фінансуем прапарцыйна ВУП. Блякаваньне Вугоршчынай выплат з гэтага фонду на мадэрнізацыю ўзброеных сіл зьяўляецца прычынай усеагульнага раздражненьня», — сказаў Сікорскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жузэп Бурэль перанёс сустрэчу кіраўнікоў МЗС Эўразьвязу з Будапэшту ў Брусэль пасьля паездкі Орбана ў Маскву ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы склад Эўрапарлямэнту заклікаў працягваць падтрымліваць Украіну і асудзіў візыт Орбана ў Расею