У Міністэрстве надзвычайных сытуацый Беларусі паведамілі, што ў выніку навальніцы з моцным ветрам пацярпеў адзін населены пункт у Слонімскім раёне Горадзенскай вобласьці, амаль ва ўсіх абласьцях зарэгістравалі падзеньне дрэваў (91 выпадак).
«Пацярпелых няма», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У кампаніі «Белэнэрга» ўдакладнілі, што за апошнія содні электразабесьпячэньне парушалася ў 566 населеных пунктах, без напругі засталіся 1874 трансфарматарныя падстанцыі, 38 сельгаспрадпрыемстваў.
«Найбольш пацярпелі Гомельскі, Пастаўскі, Менскі, Горадзенскі, Івейскі, Мядзельскі і Полацкі раёны», — удакладнілі ў кампаніі.
Паводле інфармацыі «Белэнэрга», аднаўленчыя работы працягваюцца ў 165 населеных пунктах.
Гідрамэтцэнтар Беларусі прагназуе, што 29 ліпеня ў краіне захаваецца складанае надвор’е: шмат у якіх раёнах чакаюць узмацненьня заходняга, паўночна-заходняга ветру парывамі да 15–22 м/с, месцамі — да 25–27 м/с, моцных дажджоў.
У другой палове дня ў «Белэнэрга» паведамілі, што на 13-ю гадзіну аднавілі энэргазабесьпячэньне ў 952 населеных пунктах, а ў 474-х працягваюць работы. «Задзейнічалі 283 аварыйныя брыгады і 339 адзінак тэхнікі», — удакладнілі ў «Белэнэрга».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыхтуюцца да вайны, а генэратары ня ў стане купіць». Што расказваюць пра сытуацыю ў Мазыры мясцовыя жыхары13 і 14 ліпеня на Беларусь былі абрынуліся ўраганы, у выніку якіх адбыліся маштабныя пашкоджаньні ў сыстэме электраперадачы, парушэньні водазабесьпячэньня, разбурэньні. Найбольш ад ураганнага ветру пацярпела Гомельская вобласьць, дзе ўводзілі рэжым надзвычайнай сытуацыі. Паводле МНС, у тыя дні загінулі 7 чалавек, 75 атрымалі траўмы.
Тады 338 населеных пунктаў засталіся без вады, у 17 раёнах адключалася сотавая і тэлефонная сувязь, былі пашкоджаныя дахі 6200 жылых дамоў (зь іх 3883 ужо адноўленыя), зафіксавана больш за 13 тысяч выпадкаў падзеньня дрэваў.
На раніцу 23 ліпеня 22 населеныя пункты атрымлівалі электрычнасьць не ад энэргасыстэмы, а з дапамогай дызэль-генэратарных установак, паведаміла Міністэрства энэргетыкі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сьпёкі на Беларусь абрынуліся ўраганы. У Менску загінула дзяўчына, парушана энэргазабесьпячэньне ў 452 населеных пунктах