28 ліпеня ў Вялейскім раёне ў выніку сутыкненьня зь легкавым аўтамабілем Rover зьехаў у кювет і перакуліўся на бок пасажырскі аўтобус, дзе ехалі 22 дзіцяці, паведаміў тэлеграм-канал УУС Менскага аблвыканкаму.
Аварыя адбылася 28 ліпеня каля 11:40 каля пасёлка Партызанскі.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, 56-гадовы кіроўца аўтобуса, абганяючы малакавоз, выехаў на сустрэчную паласу. Каля скрыжаваньня ён сутыкнуўся зь легкавым аўтамабілем Rover з 27-гадовай жанчынай за стырном», — гаворыцца ў паведамленьні.
Спачатку МУС паведаміла, што дзеці не пацярпелі, а кіроўцу легкавога аўтамабіля даставілі ў шпіталь для агляду.
Пазьней Міністэрства здароўя Беларусі ўдакладніла, што ў аварыі пацярпела цяжарная жанчына, якая знаходзілася ў легкавым аўтамабілі. З папярэднім дыягназам чэрапна-мазгавая траўма, удар грудной клеткі, закрытая траўма жывата, пералом галоўкі левай локцевай косьці і рваная рана галёнкі яе даставілі ў Менскую гарадзкую бальніцу №5.
Таксама пацярпела дзяўчынка 2020 году нараджэньня. Пасьля агляду яе адправілі на амбуляторнае лекаваньне.
«Пасьля агляду мэдычнымі работнікамі 11 дзяцей з інваліднасьцю ў суправаджэньні бацькоў адпусьцілі дадому», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства здароўя.
На месцы аварыі працуюць інспэктары ДАІ і сьледча-апэратыўная група.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дарожнай аварыі пад Докшыцамі загінула двое, шэсьць чалавек у рэанімацыі, у тым ліку дзеці