«У выпадку рэалізацыі ЗША падобных плянаў будзем лічыць сябе свабоднымі ад раней узятага на сябе аднабаковага мараторыю на разгортваньне ўдарных сродкаў сярэдняй і меншай далёкасьці, у тым ліку павышэньне магчымасьцяў берагавых войскаў нашага ваенна-марскога флёту», — заявіў Пуцін, выступаючы на ваенна-марскім парадзе ў гонар Дня ВМФ у Санкт-Пецярбургу.
28 ліпеня Пуцін заявіў, што ў выпадку разьмяшчэньня з 2026 году на тэрыторыі Нямеччыны амэрыканскіх комплексаў высокадакладнай ракетнай зброі вялікай далёкасьці, у зоне дасяжнасьці такой зброі апынуцца «важныя расейскія аб’екты дзяржаўнага і вайсковага кіраваньня», а падлётны час такіх ракет да цэляў на расейскай тэрыторыі «складзе каля 10 хвілін».
Невялікі падлётны час у выпадку гіпатэтычнага разьмяшчэньня амэрыканскіх ракет на тэрыторыі Ўкраіны раней паслужыла для Пуціна ў якасьці адной з падставаў для ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
Паводле Пуціна, распрацоўка ўдарных сыстэм сярэдняй і меншай далёкасьці ў Расеі ўжо знаходзіцца «на завяршальнай стадыі».
Хоць Пуцін і кажа пра «мараторый», ужо некалькі тыдняў таму ён фактычна заявіў пра гатоўнасьць Расеі разьмяшчаць ракеты сярэдняй і меншай далёкасьці, прычым не толькі на сваёй тэрыторыі, але і ў іншых рэгіёнах сьвету. Ён заявіў, што ў Расеі ўсё гатова для пачатку вытворчасьці такіх ракет. Тады ён спаслаўся на меркаванае разьмяшчэньне амэрыканскіх ракетных сыстэм на Філіпінах.
- Пра тое, што ЗША пачнуць разьмяшчаць дальнабойныя ўдарныя сыстэмы, уключаючы гіпэргукавую зброю, у Нямеччыне ў 2026 годзе, было абвешчана 10 ліпеня падчас саміту NATO ў Вашынгтоне. У адказ на заявы ЗША і Нямеччыны Расея прыгразіла разьмяшчэньнем аналягічнай зброі, магчыма, у ядзерным абсталяваньні.
- Ракеты сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД) — гэта балістычныя і крылатыя ракеты наземнага базаваньня, здольныя пераадольваць адлегласьць ад 500 да 5500 кілямэтраў і, як правіла, несьці ядзерны зарад. Узаемнае разгортваньне падобных ракет фактычна паўтарыла б сытуацыю пачатку 1980-х гадоў, калі ў Нямеччыне былі разьмешчаныя амэрыканскія ракеты «Першынг», а СССР, у сваю чаргу, пагражаў Заходняй Эўропе сваімі ракетамі сярэдняй далёкасьці.
- У 1987 годзе ў Вашынгтоне паміж ЗША і Савецкім Саюзам была падпісаная дамова аб ліквідацыі РСМД, якая дзейнічала да 2019 году. Тады адміністрацыя ЗША, выступіўшы са сьцьвярджэньнем, што Расея парушыла дамову, разьмясьціўшы ракетную сыстэму 9M729, заявіла аб спыненьні дзеяньня дамовы. У жніўні 2019 году МЗС Расеі афіцыйна заявіла, што дамова перастала дзейнічаць.
- У ЗША і NATO заяўляюць, што Расея дэ-факта не выконвае заяўлены ёю мараторый, спасылаючыся на разьмяшчэньне ўсё тых жа ракет 9M729. На Захадзе настойваюць, што іх далёкасьць вышэй за 500 км, што ў Маскве адмаўляюць.