Ранейшая чэмпіёнка Беларусі ў коннай выездцы Вольга Сафронава, якая цяпер выступае за Польшчу, не паедзе на Алімпіяду ў Парыжы. Пра гэта яна распавяла ў камэнтары «Люстэрку».
У сярэдзіне чэрвеня Вольга Сафронава выканала кваліфікацыйныя патрабаваньні для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях і ўвайшла ў пашыраны склад польскай зборнай на Алімпіядзе.
«Першапачаткова меркавалася, што ў Францыю адправяцца шэсьць пар, якія адабраліся, а ўжо на месцы стануць вядомыя тры пары для выступаў. Але мне сказалі, што я ня еду. Насамрэч гэта доўгая гісторыя, удавацца ў дэталі якой сёньня няма жаданьня. Калі сьцісла, то растлумачылі трэнэрскім рашэньнем. Так, з коньмі можа здарыцца ўсякае, ёсьць рызыкі пры транспартаваньні, павінны быць і запасныя, але вось прынята такое рашэньне. Маўляў, апроч правілаў, існуе і трэнэрская інтуіцыя», — расказала Вольга Сафронава выданьню.
Яна адзначыла, што «вынесла ўрок з гэтай сытуацыі».
«Ня факт, што спаборнічала б, але ж трапіла ў пашыраны склад і ўжо настроілася на паездку на Алімпіяду. Як бы там ні было, я зьбіраюся працягваць выступы і прыкладу ўсе сілы, каб апынуцца на наступных Гульнях», — дадала яна.
- Чэмпіёнка Беларусі і фіналістка Кубку сьвету-2019 у конным спорце Вольга Сафронава раней заваявала ліцэнзію на Алімпійскія гульні-2020 у Токіё, але яе не пусьцілі на Алімпіяду, спаслаўшыся на заключэньне вэтэрынарнай камісіі: маўляў, Сандра дэ Амар (мянушка каня) кульгае, хоць дыягназу ў заключэньні, па словах Вольгі, якая спэцыялізуецца ў выездцы, не было.
- Напярэдадні кваліфікацыі Сафронава крытычна выказалася пра спартовых чыноўнікаў і Аляксандра Лукашэнку.
- Неўзабаве Сафронава, якая падпісала ліст за новыя выбары і супраць гвалту падчас сілавога разгону пасьлявыбарных пратэстаў 2020 году, пераехала жыць у Польшчу. Каб пачаць спаборнічаць за гэтую краіну, ёй давялося адбыць двухгадовы карантын. У 2023 годзе яна стала срэбнай мэдалісткай чэмпіянату Польшчы — гэта быў яе першы мэдаль пад сьцягам новай краіны.
- За польскую зборную на Алімпіядзе ў Парыжы будзе выступаць 27-гадовая беларуская лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская. Таксама шанец выступаць за зборную Польшчы атрымала скакуха ў вышыню Марыя Жодзік.