Менскі гарадзкі суд 6 жніўня разгледзіць пазовы аб ліквідацыі грамадзкага абʼяднаньня «Менскае роварнае таварыства» і Беларускага грамадзкага абʼяднаньня трусаводаў і ўладальнікаў асабістых падсобных гаспадарак, вынікае з раскладу пасяджэньняў на сайце электроннага судаводзтва, заўважыў «Позірк».
Пазоў аб ліквідацыі «Менскага роварнага таварыства» (МВА), ініцыяваны галоўным упраўленьнем юстыцыі Менгарвыканкаму разгледзіць судзьдзя Алена Шэмет. Пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускага грамадзкага абʼяднаньня трусаводаў і ўладальнікаў асабістых падсобных гаспадарак прызначылі разглядаць судзьдзю Алене Крук.
«Менскае роварнае таварыства» — вядомае абʼяднаньне, якое займаецца разьвіцьцём і папулярызацыяй веларуху ў якасьці турызму і ровара як гарадзкога транспарту. Зарэгістраванае ў 2011 году.
22 сакавіка 2023 году праўленьне таварыства заявіла сталічным уладам аб намеры працягваць дзейнасьць. З пададзенай у гарвыканкам справаздачы вынікае, што на той момант у таварыстве было 671 чалавек. У справаздачы тгаворыцца, што на працягу году сябры «Менскага роварнага таварыства» выпрацоўвалі прапановы «па стварэньні нормаў па ўсталяваньні роварных стаянак», вялі маніторынг «тэхнічных нормаў, якія распрацоўваюцца», уносілі прапановы «датычна роварнай інфраструктуры падчас грамадзкіх абмеркаваньняў».
За два тыдні да падачы гэтага дакумэнта, 9 сакавіка, намесьніка дырэктара «Менскага роварнага таварыства» Максіма Пучынскага асудзілі да 2,5 года «хатняй хіміі» па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Пакуль ён быў у няволі, праваабаронцы лічылі яго палітвязьнем. Пасьля вынясеньня прысуду Пучынскага вызвалілі з-пад варты, празь некалькі дзён ён пакінуў Беларусь.
Беларускае грамадзкае абʼяднаньне трусаводаў і ўладальнікаў асабістых падсобных гаспадарак заснаванае ў 2010 годзе.
Старшыня праўленьня арганізацыі Вольга Доўжык у 2020 годзе казала ў інтэрвію парталу robimrazam.by, што абʼяднаньне стварылі «энтузіясты і аматары трусаводзтва ў Беларусі», асноўная мэта — садзейнічаць «сумеснай дзейнасьці ў галіне разьвіцьця, удасканаленьня, разьвядзеньня і выкарыстаньня ў асабістых падсобных гаспадарках пародзістых трусоў, пароднай птушкі, іншых сельскагаспадарчых жывёлаў і гатункавых расьлін». На той момант, паводле Доўжык, у абʼяднаньне ўваходзіла «больш за 40 гаспадарак з усёй Беларусі».
Сайт арганізацыі на сёньня не адчыняецца, старонка ў сацсетцы «УКантакце» апошні раз абнаўлялася ў лютым 2023 году.
Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за пэрыяд пасьля жніўня 2020 году і да канца чэрвеня 2024-га ў Беларусі ліквідавалі сама меней 1696 некамэрцыйных арганізацыяў (НКА) — абʼяднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных установаў і асацыяцыяў.
Паводле стану на 30 чэрвеня 2024 году 1061 некамэрцыйная арганізацыя Беларусі знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ 635 НКА самастойна прынялі рашэньне аб ліквідацыі (паводле праваабаронцаў, такія рашэньні прымаюцца перш за ўсё з прычыны ціску на сябраў і супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя і агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спартовыя фэдэрацыі і клюб інвалідаў: у Беларусі вырашылі ліквідаваць яшчэ тры спартовыя арганізацыі