Постмадэрнісцкі твор беларускага мастака Аляксандра Некрашэвіча пад назвай «Грыбны сэзон» быў абраны ў фінал італьянскай прэміі Arte Laguna, заўважыла Reform.news. Малюнак пра ядзерную пагрозу з «Апакаліптычнай сэрыі» можна будзе ўбачыць сёлета ў лістападзе на выставе фіналістаў конкурсу сучаснага мастацтва ў прэстыжнай прасторы Arsenale Nord у Вэнэцыі.
Італьянская прэмія візуальнага мастацтва Arte Laguna ладзіцца раз на два гады. Сёлета фіналістамі 18-ага па ліку конкурсу сталі 120 мастакоў з усяго сьвету — міжнароднае журы ажыцьцяўляла адбор работ з 20 000 заявак.
Сёлета адбор работ на фінальную выставу засяродзіўся ня столькі на асобе мастака — калі аддаецца прыярытэт маладым аўтарам, а на практыцы, якую выкарыстоўваюць творцы — на арыгінальных стылях і новых мастацкіх мовах.
Аляксандар Некрашэвіч — беларускі мастак, аўтар слыннага манумэнтальнага палатна «Вайна сусьветаў» з праекту «Чужыя», якая кампазыцыйна адсылае да вядомага твора польскага жывапісца Яна Матэйкі «Грунвальдская бітва», куды аўтар дадаў прышэльцаў.
Таксама беларускаму гледачу вядомы ягоныя работы з цыклю «Багі і героі».
Мастак, які родам з Палесься, працуе на стыку такіх мастацкіх напрамкаў як гістарычны жанр, поп-арт і сучаснае мастацтва. Цытаты зь вядомых твораў мінулага спалучаюцца ў ягоным жывапісе з фантастычнымі выявамі іншаплянэтных прышэльцаў з будучыні.
На конкурс Arte Laguna Аляксандар Некрашэвіч прадставіў малюнак «Грыбны сэзон» з «Апакаліптычнай сэрыі» — цыклю, які мастак распачаў яшчэ ў 2013 годзе. Сэрыя, якая выканана каляровымі алоўкамі, зьяўляецца алюзіяй на тэму апошніх палітычных падзеяў у сьвеце і адлюстроўвае страхі і перажываньні аўтара, зьвязаныя з пэрспэктывай сучаснага сьвету. На выяве «грыбы» ад ядзерных выбухаў падымаюцца ў паветра на фоне ідылічнага ляснога пэйзажу.
Калектыўная выстава фіналістаў прэміі Arte Laguna адкрыецца ў прэстыжнай прасторы Arsenale Nord у Вэнэцыі 16 лістапада. Цяпер прымаюць заяўкі на 19-е выданьне конкурсу, працы яго фіналістаў таксама пакажуць на гэтай выставе.