«Камісія Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі па працы, сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя разглядае пытаньне аб разьмеркаваньні выпускнікоў сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў на прадпрыемствы, якія працуюць у прыярытэтных галінах эканомікі на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі», – паведамляе сайт «Мінск-Навіны».
Выпускнікоў сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў будуць пасылаць на адпрацоўку на тры гады, а пасьля ВНУ – на пяць.
Згодна зь беларускім заканадаўствам маладыя спэцыялісты, якія адмаўляюцца адпрацоўваць на месцах па разьмеркаваньні павінны кампэнсаваць сродкі, выдаткаваныя на іх падрыхтоўку зь дзяржаўнага бюджэту.
Ад кампэнсацыі сродкаў у дзяржбюджэт за навучаньне вызваляюцца некаторыя катэгорыі беларускіх грамадзян, сярод іх сіроты, інваліды І ці ІІ групы, прызыўнікі і кантрактнікі, якія адслужылі ў войску ня менш за тэрмін адпрацоўкі, тыя, хто сталі прафэсійнымі функцыянэрамі (напрыклад, дэпутаты, прафсаюзныя дзеячы), асобы з мэдычнымі супрацьпаказаньнямі да працы па спэцыяльнасьці, цяжарныя жанчыны, бацькі, якія маюць дзіця да трох гадоў, некаторыя іншыя катэгорыі.
Ад 2019 году квоты на навучаньне ў ВНУ Расеі для беларусаў павялічыліся ў 18 разоў. У 2024 навучальным годзе выдзелена самая вялікая квота – 1,3 тыс. месцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Як паступіць вучыцца за мяжу, нягледзячы на перашкоды