Як выглядаюць беларускія алімпійцы пад «нэўтральным сьцягам». ФОТА

На цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў, Парыж, 26 ліпеня 2024

У сталіцы Францыі праходзяць першыя спаборніцтвы з удзелам атлетаў зь Беларусі.

На здымках з экранаў падчас трансьляцыі Алімпіяды ў Парыжы бачна, што беларусы выступаюць без выявы чырвона-зялёнага сьцяга, як і прадугледжваюць правілы, вызначыныя Міжнародным алімпійскім камітэтам.

Напрыклад, весьляры былі апранутыя ў белы і шэры колеры, заўважыла «Трыбуна». Ім забаронена як мець дзяржаўную сымболіку на форме, так і выкарыстоўваць слова «Беларусь».

Першымi зь беларускiх спартоўцаў стартавалi прадстаўнiкi акадэмiчнага веславаньня Яўген Залаты i Тацяна Клiмовiч. Яны пераадолелі першы этап спаборніцтваў і прайшлі далей. Перад Гульнямі францускія ўлады адмовіліся прапускаць у краіну лодкі беларускіх спартоўцаў. Праўдападобна, што лодкі беларусы ўзялі ў арэнду па лініі МАК.

Таксама ў наступную фазу спаборніцтваў прабіўся і плывец Ільля Шымановіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Экс-капітан зборнай Кацярына Сныціна: беларускіх спартоўцаў нельга пускаць на Алімпіяду
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма грошай і канкурэнцыі». Што адбылося зь беларускім спортам за чатыры гады