76-гадовы Замбада заснаваў злачынную арганізацыю разам з Хаакінам «Эль Чапа» Гусманам, які зараз знаходзіцца ў турме ў ЗША. Разам з Замбадам быў арыштаваны сын Гусмана Хаакін Гусман Лопэс, паведаміла ВВС са спасылкай на Міністэрства юстыцыі ЗША.
У лютым амэрыканская пракуратура абвінаваціла Ісмаэля Замбаду ў змове з мэтай вырабу і распаўсюду фэнтанілу, наркотыку, больш моцнага за гераін.
Газэта Wall Street Journal са спасылкай на мэксыканскіх і амэрыканскіх чыноўнікаў паведамляе, што Замбаду падманам завабіў у самалёт высокапастаўлены член Сіналоа пасьля шматмесячнай апэрацыі Бюро расьсьледаваньняў нацыянальнай бясьпекі і ФБР.
Міністарка бясьпекі Мэксыкі Роза Радрыгес заявіла, што ўраду было вядома аб затрыманьні Замбады і Лопэса ў ЗША, але мэксыканскія ўлады ня ўдзельнічалі ў апэрацыі па іх затрыманьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самы знакаміты наркабарон сьвету атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньнеПрэзыдэнт Мэксыкі заклікаў да поўнай празрыстасьці з боку Злучаных Штатаў адносна захопу.
«Урад Злучаных Штатаў павінен прадаставіць поўную справаздачу, а ня толькі агульныя заявы… павінна быць празрыстасьць», — заявіў Андрэс Мануэль Лопэс Абрадор на сваёй звычайнай ранішняй прэс-канфэрэнцыі ў пятніцу.
У пісьмовай заяве ўвечары 25 ліпеня генэральны пракурор ЗША Мэрык Гарланд заявіў, што двое мужчын кіруюць «адной з самых жорсткіх і магутных арганізацый па гандлі наркотыкамі ў сьвеце».
«Фэнтаніл — гэта самая сьмяротная пагроза наркотыкаў, зь якой калі-небудзь сутыкалася наша краіна, і Міністэрства юстыцыі не супакоіцца, пакуль кожны лідэр, удзельнік і паплечнік картэлю, вінаваты ў атручваньні нашых суполак, ня будзе прыцягнуты да адказнасьці», — дадаў ён.
Амэрыканская пракуратура заяўляе, што картэль Сіналоа зьяўляецца найбуйнейшым пастаўніком наркотыкаў у ЗША. Улады ЗША раней адзначалі, што фэнтаніл зьяўляецца асноўнай прычынай сьмерці амэрыканцаў ва ўзросьце ад 18 да 45 гадоў.
Замбада стаў адным з заснавальнікаў картэлю Сіналоа пасьля распаду картэлю Гвадалахара ў канцы 1980-х гадоў. Ён стварыў і падтрымліваў некаторыя з самых раньніх сувязяў з калюмбійскімі картэлямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 150 арыштаваных. Італьянская мафіёзная групоўка стала мішэньню паліцэйскіх рэйдаў па ўсёй Эўропе