Пра перавод сродкаў паведаміла кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен. Яна адзначыла, што грошы будуць накіраваныя на абарону і рэканструкцыю Ўкраіны. «Няма лепшага сымбаля і ўжытку грошам Крамля, чым зрабіць Украіну і ўсю Эўропу больш бясьпечным месцам для жыцьця», — гаворыцца ў яе заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паслы Эўразьвязу ўхвалілі перадачу Ўкраіне звышпрыбыткаў ад замарожаных расейскіх актываўКраіны ЭЗ у траўні дамовіліся пра схему выкарыстаньня даходаў ад замарожаных у бэльгійскім дэпазытарыі Euroclear расейскіх сродкаў. Каля 90% сумы будзе накіравана на закуп узбраеньняў для Ўкраіны, а каля 10% — на яе пасьляваенную рэканструкцыю. Вугоршчына не пагадзілася з тым, каб на зброю накіроўваліся ўсе 100%, бо прынцыпова адмаўляецца фінансаваць такія пастаўкі. Таму распрацавалі кампрамісную схему.
Самі расейскія сродкі па-ранейшаму застаюцца замарожанымі, адносна іх магчымай канфіскацыі сярод краінаў ЭЗ няма кансэнсусу. На патрэбы Ўкраіны накіроўваюцца толькі даходы ад іх, гаворка ідзе аб некалькіх мільярдах эўра ў год. Расейскія ўлады лічаць, што краіны ЭЗ ня маюць права распараджацца гэтымі даходамі, і абяцаюць прыняць меры ў адказ.